Камандуючы Паветранымі сіламі УСУ заявіў, што сёньня ў Беларусь заляцелі два расейскія ўдарныя дроны

Ілюстрацыйнае архіўнае фота.
Ілюстрацыйнае архіўнае фота.

У ноч на 26 жніўня ўкраінская супрацьпаветраная абарона зьнішчыла 99 запушчаных Расеяй ударных бесьпілётнікаў іранскай вытворчасьці «Шахед — 131/136», яшчэ два «перасеклі мяжу» зь Беларусьсю, паведаміў у сваім тэлеграм-канале камандуючы Паветранымі сіламі УСУ Мікалай Аляшчук.

16 ліпеня Паветраныя сілы Ўкраіны таксама паведамлялі, што два запушчаныя расейскім бокам бесьпілётнікі «Шахед» былі «лякальна страчаныя» ў паветранай прасторы Беларусі.

8 жніўня беларуская дэмакратычная лідэрка Ствятлана Ціханоўская паведаміла ў сацсетцы Х, што, паводле яе зьвестак, у ліпені прынамсі 9 расейскіх бесьпілётнікаў «Шахед» уварваліся ў паветраную прастору Беларусі, зь іх «адзін выбухнуў, другі зьнік, а астатнія працягнулі палёт ва Ўкраіну».

Якіх-небудзь пратэстаў расейскаму боку ў сувязі са згаданымі інцыдэнтамі афіцыйным Менскам заяўлена не было.

Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка 10 жніўня абвінаваціў Украіну ў парушэньні беларускай паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі і заявіў, што загадаў вярнуць войскі да паўднёвай мяжы.

Аб парушэньнях паветранай прасторы бесьпілётнікамі з боку РФ пэрыядычна неафіцыйна паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

​
XS
SM
MD
LG