У МЗС Беларусі афіцыйна звароты ад украінскага боку з патрабаваньнем аб адвядзеньні войскаў «ні ў якім выглядзе не паступалі», заявіў прэсавы сакратар ведамства Анатоль Глаз 26 жніўня, камэнтуючы распаўсюджаную напярэдадні заяву МЗС Украіны.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
25 жніўня МЗС Украіны выдала заяву, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесьці войскі ад дзяржаўнай мяжы «на адлегласьць, якая перавышае далёкасьць паражэньня наяўных у Беларусі сыстэмаў агню».
«Сёньня шмат хто пытаецца, што гэта было? І навошта? У нас няма адказаў на гэтыя пытаньні. Іх дакладна трэба адрасаваць МЗС Украіны», — гаворыцца ў камэнтары МЗС Беларусі.
Прадстаўнік ведамства таксама падкрэсьліў, што ў беларускім МЗС «толькі бачылі гэтае паведамленьне на прасторах інтэрнэту»: «Ведаеце, там хапае ўсякага. Такім чынам, мы самі былі б удзячныя, калі б хто-небудзь змог нам растлумачыць лёгіку падобных заяваў. Як на нашую думку, вельмі мудрагелістую».
У ведамстве лічаць, што «кіраўніцтва Ўкраіны запускае празь тэрыторыю Беларусі баявыя дроны, а праз тыдзень на сайце свайго МЗС зьдзіўляецца дзеяньням Узброеных сілаў, якія выконваюць задачы па забесьпячэньні бясьпекі тэрыторыі Беларусі і грамадзянаў».
«У нашым разуменьні тут усё лягічна. Асабліва, калі ўлічыць пастаянныя правакацыі на мяжы з украінскага боку, дысьлякацыю групоўкі войскаў больш за 100 тысячаў чалавек, закідваньне ў Беларусь тэрарыстаў, іх забесьпячэньне і фінансаваньне, татальнае мініраваньне памежнай тэрыторыі і многія іншыя рэчы», — сказана ў камэнтары прэсавага сакратара МЗС.
«Але ж вы разумееце, што гэта ў рамках клясычнай лёгікі. А якой лёгікай кіруецца ўкраінскі бок, мы ня ведаем. Магчыма, тут прысутнічае нейкая хітрая гульня, разьлічаная на ўнутранае спажываньне альбо на атрыманьне авацыяў з Захаду. Аднак галоўнае ў такой гульні — не перахітрыць саміх сябе», — адзначыў Анатоль Глаз.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум