Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатру

Ігнат Буйніцкі, 1910 год
Ігнат Буйніцкі, 1910 год

Падзеі 22 жніўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

22 жніўня 1861 году нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, актор, рэжысэр, пачынальнік беларускага нацыянальнага тэатру.

Ігнат Буйніцкі
Ігнат Буйніцкі

Яго яшчэ пры жыцьці называлі бацькам беларускага тэатру. У 1910–1911 гадах трупа Буйніцкага зьдзейсьніла трыюмфальныя гастролі па Беларусі, выступіўшы з паказамі ў Дзісьне, Сьвянцянах, Паставах, Полацку, Нясьвіжы, Слуцку... У Менску, дзе тэатар ставіў «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца і «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага, артыстаў засыпалі ружамі. Пасьля спэктакляў Буйніцкага ў Пецярбургу й Варшаве газэты пісалі пра «калясальны посьпех» тэатру, што «будзіць у беларусаў пачуцьцё нацыянальнай годнасьці».

Улады зрабілі свае высновы: рэжысэра і яго артыстаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Уціск і матэрыяльныя праблемы змусілі зачыніць тэатар, але не разлучылі з мастацтвам. Паводле згадкі аднаго з удзельнікаў трупы, Ігнат Буйніцкі памёр на сцэне падчас рэпэтыцыі.

«Некалі, — пісала ў тыя часы „Наша Ніва“, — калі прабудзіцца сьвядомасьць ува ўсяго беларускага народу, памяць Буйніцкага будзе сьвятой для ўсіх».

Таксама ў гэты дзень

1456 — прынцам Валахіі стаў Улад Дракула, вядомы па легендах пра вампіраў.

1485 — скончылася вайна Пунсовай і Белай ружаў (сэрыя збройных дынастычных канфліктаў за пасад Ангельшчыны), у бітве пры Босварце загінуў Рычард III, кароль ангельскі.

1864 — падпісаная Першая Жэнэўская канвэнцыя, створанае таварыства Чырвонага крыжа.

1941 — Другая сусьветная вайна: пачатак блякады Ленінграду.

1989 — Літва абвясьціла незаконнай анэксію краіны Савецкім Саюзам.

1991 — пасьля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ў СССР прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў, часова адхілены ад кіраваньня, вярнуўся ў Маскву; змоўшчыкаў арыштавалі.

Міхаіл Гарбачоў вярнуўся ў Маскву пасьля хатняга арышту на дачы ў Фаросе, 22 жніўня 1991
Міхаіл Гарбачоў вярнуўся ў Маскву пасьля хатняга арышту на дачы ў Фаросе, 22 жніўня 1991

1991 — бела-сіне-чырвоны сьцяг абвешчаны дзяржаўным сьцягам Расеі.

2015 — выйшаў на волю Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень, арыштаваны пасьля выбараў 2010 году.

Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня, Менск, 22 жніўня 2015
Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня, Менск, 22 жніўня 2015

У гэты дзень нарадзіліся

1862 — Клёд Дэбюсі, францускі кампазытар.

Клод Дэбюсі
Клод Дэбюсі

1898 — Генрык Лаўмянскі, гісторык.

1902 — Лені Рыфэншталь, нямецкая кінарэжысэрка.

1904 — Дэн Сяопін, кіраўнік КНР з 1976 году па сярэдзіну 90-х.

Дэн Сяопін
Дэн Сяопін

1920 — Рэй Брэдбэры, амэрыканскі пісьменьнік-фантаст.

У памяці

1898 — Альгерд Абуховіч, беларускі паэт, перакладчык.

1922 — Майкл Колінз, ірляндзкі палітык, змагар за незалежнасьць.

1978 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.

1988 — Віталь Вольскі, беларускі празаік, драматург, літаратуразнавец, краязнавец, палітычны дзяяч.

Віталь Вольскі
Віталь Вольскі

2020 — Мікіта Крыўцоў, актыўны ўдзельнік пратэстаў пасьля выбараў 2020 году, знойдзены павешаным у Менску.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG