У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі аб зьнішчэньні 45 дронаў, запушчаных украінскімі сіламі.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, найбольш бесьпілётнікаў — 23 — выявілі над Бранскай вобласьцю, 11 — над Маскоўскай, 6 — над Белгарадзкай, тры — над Калускай і два — над Курскай абласьцямі.
У Маскве спынялі дзейнасьць аэрапортаў
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў аб самай маштабнай атацы на Маскву.
«Створаная эшалянаваная абарона Масквы ад варожых БПЛА дазволіла пасьпяхова адбіць усе атакі. Сілы СПА Мінабароны гэтай ноччу зьбілі 10 дронаў», — напісаў у сваім Telegram-канале Сяргей Сабянін.
У Фэдэральным агенцтве паветранага транспарту Расеі паведамілі, што ў трох маскоўскіх аэрапортах — Унукава, Дамадзедава і Жукоўскім — уначы на чатыры гадзіны ўводзіліся абмежаваньні на палёты. На запасныя аэрадромы за гэты час адправілі восем самалётаў. Раніцай усе абмежаваньні зьнялі і аэрапорты працуюць у штатным рэжыме.
У расейскіх рэгіёнах пакуль не паведамляюць аб наступствах на зямлі ад зьбітых дронаў.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі аб нанясеньні ўдару па Растоўскай вобласьці Расеі паблізу Новашахцінска, дзе знаходзіліся пазыцыі зэнітнага ракетнага комплексу С-300, зь якога расейцы абстрэльваюць памежжа Ўкраіны.
«У выніку аб’ектыўнага кантролю назіраліся выбухі ў вызначаных пунктах прыцэльваньня», — адзначаецца ў паведамленьні. У Генштабе дадалі, што яшчэ ўдакладняюць наступствы ад нанесенага ўдару. У той жа час пакуль незразумела, які быў удар, ракетны ці дронамі.
Ва Ўкраіне змагаюцца з чарговай хваляй дронаў
Ва Ўкраіне абвясьцілі трывогу праз атаку дронамі з боку Расеі ўвечары 20 жніўня. Але дагэтуль Паветраныя сілы краіны паведамляюць аб бесьпілётніках, якія працягваюць рухацца ў розных рэгіёнах.
Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, расейскія дроны заходзілі на тэрыторыю Ўкраіны некалькімі групамі, накіроўваліся адразу на некалькі рэгіёнах і зьмянілі свае маршруты.
Расейскія бесьпілётнікі фіксавалі на поўначы, поўдні і ў цэнтры Ўкраіны. Пакуль у апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл нават не паведамілі аб агульнай колькасьці зафіксаваных і зьбітых дронаў.
Пазьней у апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея запусьціла 69 баявых дронаў. Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі 50 бесьпілётнікаў у межах Хмяльніцкай, Палтаўскай, Чаркаскай, Кіеўскай, Віньніцкай, Івана-Франкоўскай, Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Херсонскай, Данецкай, Кіраваградзкай, Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей.
«Яшчэ 16 варожых БПЛА лякацыйна згубілі — імаверна, упалі пад уплывам радыёэлектронных сродкаў супрацьдзеяньня. Апроч таго, зафіксавалі перасячэньне варожым ударным дронам дзяржаўнай мяжы з Рэспублікай Беларусь у Чарнігаўскай вобласьці, яшчэ адзін расейскі БПЛА вярнуўся „на радзіму“ — у Белгарадзкую вобласьць», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
На момант публікацыі яшчэ адзін дрон знаходзіўся ў паветранай прасторы Чаркаскай вобласьці.
Амэрыканскае выданьне forbes.com паведаміла, што Расея пачала выкарыстоўваць дроны, на якія ня могуць узьдзейнічаць сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
Паводле выданьня, такія дроны расейцы пачалі выкарыстоўваць сёлета ў сакавіку, і цяпер — у часе баявых дзеяньняў на тэрыторыі Курскай вобласьці.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум