У Крамлі лічаць, што баі ў Курскай вобласьці працягнуцца некалькі месяцаў. І хочуць пераканаць расейцаў, што гэта «новая нармальнасьць».
Пра гэта расказалі «Медузе» крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду. Адразу пасьля пачатку апэрацыі УСУ ў Курскай вобласьці расейскія «эліты» былі «шакаваныя», гавораць яны, але за два тыдні «шок прайшоў, адбылося прывыканьне».
Паводле нядаўняга апытаньня зьвязанага з уладай Фонду грамадзкай думкі (ФАМ) перавага трывожных настрояў у расейскім грамадстве вырасла адразу на 6%, да 45%. У прэзыдэнцкай адміністрацыі гэтыя паказчыкі лічаць дастаткова высокімі і спадзяюцца на іх хуткае зьніжэньне, адзначыла крыніца «Медузы».
Пры гэтым усе апытаныя выданьнем чыноўнікі ўпэўненыя, што баі ў Курскай вобласьці могуць працягнуцца некалькі месяцаў. Каб трывожныя настроі ў грамадстве ў сувязі з надыходам УСУ ў Курскай вобласьці «ўстаканіліся» хутчэй, Крэмль з дапамогай прапаганды спрабуе падрыхтаваць расейцаў да жыцьця ва ўмовах «новай рэальнасьці» і «новай нармальнасьці».
«У адхіленьні ад нормы існаваць складана. У норме, няхай і новай, — прасьцей», — тлумачыць лёгіку мэдыятэхноляг, які супрацоўнічае з унутрыпалітычным блёкам адміністрацыі прэзыдэнта (яго ўзначальвае Сяргей Кірыенка). Для гэтага Крэмль прапануе пераконваць расейцаў у тым, што ворага, які прарваўся на расейскую тэрыторыю, чакае «немінучая параза», але «вяртаньне тэрыторый зойме час, расейцам трэба пачакаць».
Крыніцы «Медузы» таксама расказалі, што «эліты» чакаюць адставак адказных за прарыў УСУ. Пра гэта ж піша «Вёрстка», адзначаючы, што ўкраінскія войскі змаглі прарвацца ў Курскую вобласьць дзякуючы пралікам расейскага камандаваньня, карупцыі і адсутнасьці абароны.
Расейскае камандаваньне не разлічвала на наступ украінскіх вайскоўцаў у Курскай вобласьці — яно аказалася зусім не гатовае да ўварваньня ў гэты рэгіён, расказалі крыніцы «Вёрсткі» ва ўзброеных сілах Расеі, урадзе, а таксама чыноўнікі Курскай вобласьці. Менавіта таму на мяжы не было падрыхтаваных падразьдзяленьняў асабовага складу, што і прывяло да масавай здачы ў палон салдатаў тэрміновай службы і памежнікаў.
Мясцовыя ўлады таксама не разлічвалі на прарыў, таму не рэалізавалі ўсе неабходныя захады ў падрыхтоўцы абарончых збудаваньняў. Па зьвестках адной з крыніц, ва ўрадзе чакаюць крымінальных спраў у сувязі з правалам абароны.
«У Крамлі гісторыяй з Курскам вельмі не задаволеныя. Своечасова пра тое, што пагражае ўваход праціўніка, не дакладвалася, таму цяпер усе на вушах і перакладаюць адказнасьць адзін на аднаго — вайскоўцы на выведку, курскія на вайскоўцаў», — расказвае выданьне.
Як пісаў Bloomberg са спасылкай на тры ананімныя крыніцы, блізкіх да Крамля і Мінабароны Расеі, уваходжаньне УСУ ў рэгіён практычна без супраціву выявіла няхватку абарончых рэзэрваў арміі Расеі. Суразмоўцы Bloomberg нават выказалі здагадкі аб неабходнасьці новай хвалі мабілізацыі.
Зрэшты, блізкі да ўраду суразмоўца «Медузы» запэўнівае, што кабінэт міністраў, а таксама блізкія да дзяржавы бізнэсоўцы выступаюць рэзка супраць мабілізацыі з прычыны праблем з працоўнымі рэсурсамі. На яго думку, больш імаверна, што да баёў у Курскай вобласьці будуць масава прыцягваць салдатаў тэрміновай службы.
Два блізкія да адміністрацыі прэзыдэнта суразмоўцы «Медузы» сьцьвярджаюць, што «мэдыйная падрыхтоўка грамадзкай думкі» да гэтага ўжо вядзецца.Украінская армія зайшла на тэрыторыю Курскай вобласьці 6 жніўня. З таго часу там працягваюцца баі. Украінскі бок заяўляе, што пад кантролем УСУ знаходзяцца дзясяткі населеных пунктаў і каля адной тысячы квадратных кілямэтраў расейскай тэрыторыі.
У рэгіёне дзейнічае рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню. Ідзе эвакуацыя насельніцтва, але частка жыхароў застаецца ў сваіх дамах.
Па апошніх дадзеных, якія прыводзіць ТАСС са спасылкай на мэдыцынскія службы, у выніку наступу УСУ ў Курскай вобласьці загінуў 31 чалавек, 143 чалавекі пацярпелі. 79 параненых, у тым ліку чацвёра дзяцей, дастаўленыя ў лякарні. Напярэдадні агенцтва паведамляла пра 17 загінулых і 140 пацярпелых.
Пасьля двух тыдняў баёў на Куршчыне у расеі стварылі новыя групоўкі
Міністэрства абароны Расеі аб’явіла аб стварэньні трох новых груповак войскаў — «Белгарад», «Бранск» і «Курск». Новыя групоўкі створаныя паслья паспяховага наступу ўкраінскай арміі ў расейскай Курскай вобласьці, паведамляе расейская служба Радыё Свабода. Памежныя рэйды украінскіх сіл раней праходзілі і ў Бранскую, і ў Белгарадзкую вобласьці Расеі.
Раней асобныя групоўкі войскаў расейскага войска дзейнічалі толькі на тэрыторыі Ўкраіны. Кіраваць дзеяньнямі вайсковых груп будзе Каардынацыйны савет у пытаньнях ваеннай бясьпекі прымежных тэрыторый, пра запуск якой паведаміў у аўторак міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў. У яе ўваходзяць намесьнікі міністра, кіраўнікі рэгіёнаў і прадстаўнікі Генштабу. Ён мусіць зьбірацца не радзей як раз на тыдзень. Узначаліў орган сам Белавусаў.
Белавусаў удакладніў, што работа Каардынацыйнай рады мусіць быць кругласутачнай, а запыты, якія паступаюць з рэгіёнаў, павінны адпрацоўвацца цягам 24 гадзін.
«У выпадку немагчымасьці вырашэньня праблемы на сваім узроўні інфармацыя даводзіцца да мяне асабіста і я прымаю рашэньне», — сказаў расейскі міністар.
У паведамленьнях аб стварэньні рады не гаворыцца, ці бярэ ўдзел у яе працы кіраўнік расейскага Генштабу Валерый Герасімаў. Ён зь лістапада камандуе аб’яднанай акупацыйнай групоўкай расейскіх войскаў ва Ўкраіне.
Прымежныя вобласьці Расеі, пачынаючы зь вясны, зазнаюць абстрэлы і напады бесьпілётнікаў з украінскага боку. Кіеў атак, як правіла, не камэнтуе. Шэраг населеных пунктаў у Белгарадзкай і Курскай абласьцях эвакуаваныя.
6 жніўня ў Курскую вобласьць увайшлі рэгулярныя часткі УСУ, цяпер пад іх кантролем знаходзіцца каля 1000 квадратных кілямэтраў расейскай тэрыторыі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 жніўня заявіў, што задача УСУ на расейскай тэрыторыі — «стварэньне буфэрнай зоны». Раней такое ж азначэньне выкарыстоўваў Крэмль, тлумачачы неабходнасьць расейскага наступу ў Харкаўскай вобласьці. Ён заграз у Ваўчанску — горадзе з даваенным насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек за 10 кілямэтраў ад расейскай мяжы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум