Расея ў ноч на 24 ліпеня атакавала Ізмаіл Адэскай вобласьці, Херсон і Харкаў.
Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, расейцы ракетамі абстралялі Харкаў і Харкаўскую вобласьць, адна зь якіх — «Іскандэр-М», а тып другой ракеты пакуль ня вызначылі.
Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі зьбіць 17 з 23 баявых дронаў, найбольш — у Адэскай вобласьці.
У Ізмаіле пашкодзілі інфраструктуру порту
Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў, што ў выніку атакі пацярпела інфраструктура рачнога порту ў Ізмаіле і шматкватэрны дом.
«Тры чалавекі атрымалі раненьні. Двух зь іх шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжкасьці, яшчэ адна пацярпелая атрымала мэдычную дапамогу на месцы», — паведаміў Алег Кіпер у сваім Telegram-канале.
Паводле яго, разбурана некалькі памяшканьняў прыпартовай інфраструктуры, пашкоджаньні атрымалі грузавыя аўтамабілі. На месцы таксама адбыўся пажар, які ўдалося апэратыўна зьліквідаваць.
У Румыніі праз атаку Расеі ў паветра падымалі баявую авіяцыю
Румынскае выданьне hotnews.ro паведаміла, што ўначы ў населеных пунктах на памежнай з Украінай тэрыторыяй абвяшчалі паветраную трывогу, калі заўважылі некалькі дронаў.
Паводле інфармацыі выданьня, выратавальная служба атрымала 10 тэлефанаваньняў у сувязі з гукамі выбухаў. Паветраная трывога ў 17 населеных пунктах муніцыпалітэту Тульча працягвалася больш за паўтары гадзіны.
Пазьней Міністэрства абароны Румыніі пацьвердзіла інфармацыю аб абвяшчэньні паветранай трывогі ў павеце Тульча праз выкарыстаньне Расеяй баявых дронаў для абстрэлу Ўкраіны.
«У выніку гэтай сытуацыі Міністэрства нацыянальнай абароны ўзмацніла маніторынг і назіраньне за паветранай прасторай пры дапамозе сіл і сродкаў баявой службы паветранай паліцыі. Уначы ў 2:19 два самалёты румынскіх ВПС F-16 вылецелі з 86-й авіябазы Барча для назіраньня за сытуацыяй у паветры. Два самалёты вярнуліся на базу каля 4:20 раніцы», — адзначаецца ў паведамленьні.
Цяпер у месцах імавернага падзеньня расейскіх дронаў праводзяцца пошукі іх аскепкаў.
Пра інцыдэнт праінфармавалі хаўрусьнікаў па NATO, зь якімі падтрымліваюць пастаянную сувязь.
У Херсоне загінуў адзін чалавек
Пасьля поўначы расейцы нанесьлі ўдар па жылым квартале ў Дняпроўскім раёне Херсону.
Паводле мясцовых уладаў, з-пад завалаў зьнішчанага дома дасталі цела 77-гадовай жанчыны, яшчэ адну жанчыну шпіталізавалі з вострай рэакцыяй на стрэс.
У Харкаве пацярпелі прамысловы і прыватны сэктары
Мэр Харкава Ігар Церахаў паведаміў, што ў выніку ракетнага ўдару па прамысловым і прыватным сэктарах адбылося ўзгараньне. Але інфармацыя аб загінулых не пацьвердзілася.
На месцы працуюць выратавальныя і пажарныя службы.
Маштабы наступстваў ракетнага абстрэлу яшчэ ўдакладняюць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум