У зьнешнепалітычным ведамстве РФ заявілі, што рашэньне стала «крокам у адказ» на дзеяньні Рады Эўразьвязу, якая 24 чэрвеня пастанавіла заблякаваць на тэрыторыі ЭЗ сайты чатырох расейскіх СМІ: прапагандысцкага Voice of Europe, дзяржагенцтва РІА «Новости», а таксама «Известий» і «Российской газеты».
Пад блякаваньне ў Расеі падпадуць сайты выданьняў з 25 краін ЭЗ, у тым ліку Нямеччыны, Францыі, Гішпаніі, Італіі, Чэхіі, Швэцыі, Польшчы, Фінляндыі, Мальты, Ірляндыі, а таксама агульнаэўрапейскіх СМІ.
Сярод эўрапейскіх СМІ, якія падпалі пад забарону ў РФ, значацца:
- Der Spiegel
- El Mundo
- El País
- La Stampa
- La Repubblica
- тэлекампанія RAI (Італія)
- Radio France
- Die Zeit
- Frankfurter Allgemeine Zeitung (faz.net)
- Дзяржаўнае тэлебачаньне Гішпаніі Televisión Española
- Тэлеканал Belsat
- Irish Times
- Helsingin Sanomat
- Le Monde
- Agence France-Presse
- Politico
- Euobserver
- літоўскае агенцтва LRT
- эстонская вэрсія парталу Delfi
- дзяржтэлерадыёкампанія ORF з Аўстрыі
- Česká televize
- інтэрнэт-партал Seznam Zprávy
- славацкі партал Denník N
«У выпадку, калі абмежаваньні адносна расейскіх СМІ будуць зьнятыя, расейскі бок таксама перагледзіць сваё рашэньне адносна згаданых мэдыяапэратараў», — заявілі ў МЗС РФ.
У сярэдзіне траўня сёлета Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне аб прыпыненьні вяшчаньня згаданых расейскіх мас-медыя на сваёй тэрыторыі.
«Гэтыя СМІ знаходзяцца пад пастаянным прамым або ўскосным кантролем кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі і адыгрываюць важную ролю ў прасоўваньні і падтрымцы агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, а таксама ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў суседніх краінах», — гаварылася ў паведамленьні Рады ЭЗ.
Пры гэтым у Радзе ЭЗ адзначылі, што, нягледзячы на забарону вяшчаньня, прынятая мера ня будзе перашкаджаць супрацоўнікам названых СМІ «ажыцьцяўляць дзейнасьць у ЭЗ, у тым ліку праводзіць дасьледаваньні і браць інтэрвію».
Раней Радыё Свабода паведамляла, што, нягледзячы на ўведзеныя ў сакавіку 2022 году санкцыі ЭЗ, у краінах Эўразьвязу працягваюць сваё вяшчаньне пракрамлёўскія рэсурсы Russia Today і Sputnik.
Паводле зьвестак журналістаў, у Эўразьвязе з 2022 году заблякаваныя рэсурсы названых СМІ толькі на расейскай мове. Таксама ў ЭЗ недаступная амэрыканская вэрсія сайту Russia Today. У той жа час амаль праз два гады пасьля ўведзеных ЭЗ супраць RT і Sputnik санкцый абодва рэсурсы па-ранейшаму вяшчаюць у эўрапейскіх краінах на шасьці мовах: ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, арабскай і сэрбскай.
Вяшчаньне Russia Today на нацыянальных мовах было забаронена ў Нямеччыне, Польшчы і краінах Балтыі незадоўга да пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. У Нямеччыне забарону трансьляцыі RT патлумачылі адсутнасьцю ліцэнзіі на вяшчаньне, Польшча і балтыйскія краіны адклікалі ў RT ліцэнзію з уласнай ініцыятывы. У сакавіку 2022 году ліцэнзію на вяшчаньне гэтага СМІ адклікалі ў Вялікай Брытаніі.
- У сьнежні 2022 году ў рамках дзявятага пакета антырасейскіх санкцый ЭЗ ініцыяваў прыпыненьне ліцэнзій на вяшчаньне ў Эўропе расейскіх каналаў НТВ/НТВ «Мир», «Россия-1», РЕН-ТБ і Першага каналу.
- Раней у гэтым месяцы Сейм Літвы канчаткова забараніў трансьляцыю беларускіх і расейскіх тэлерадыёканалаў. Забарона будзе дзейнічаць цягам усяго часу, пакуль Расея і Беларусь зьяўляюцца пагрозай для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
- Сейм Літвы ўдакладніў палажэньні закону, які забараняе рэтрансьляваць і распаўсюджваць праз інтэрнэт радыё- і тэлепраграмы, створаныя, наўпрост ці ўскосна кіраваныя, кантраляваныя або фінансаваныя Расеяй і Беларусьсю — дзяржавамі, вызначанымі як пагроза для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
- Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага парлямэнту, зьмены ў закон аб публічнай інфармацыі падтрымалі 99 дэпутатаў, тры ўстрымаліся, а супраць не прагаласаваў ніводзін дэпутат.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум