Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Архіўнае фота
«Беларусь ужо не ўпершыню такім чынам намагаецца перакласьці адказнасьць на Ўкраіну, што мы трымаем свае войскі і сродкі на мяжы з гэтай краінай», — заявілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне расцанілі заяву Беларусі аб павелічэньні ўкраінскага вайсковага кантынгенту на мяжы ў Жытомірскай вобласьці як спробу перакласьці на Кіеў адказнасьць за напружанасьць.
«Добра, што яны разумеюць, што мы маем сілы, сродкі і магчымасьці ўзмацняць у тым ліку і гэты кірунак. Хоць яны заяўляюць, што будуць супрацьдзейнічаць усім правакацыям на мяжы, але трэба нагадаць асноўную правакацыю, якую зрабіла Беларусь 24 лютага 2022 году, калі фактычна адкрыла свае межы для расейскіх войскаў, якія таксама заходзілі з тэрыторыі гэтай краіны на тэрыторыю нашай дзяржавы», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Паводле яго, пакуль Беларусь будзе заставацца «у зоне ўплыву Расеі і ў адной саюзнай дзяржаве з Расеяй, пакуль Беларусь будзе падтрымліваць Расею ў маштабнай, не справакаванай Украінай вайне, мы працягнем узмацняць нашы межы рознымі падразьдзеламі сіл абароны, і інжынэрнымі загародамі».
Андрэй Дземчанка падкрэсьліў, што беларускі кірунак застаецца для Ўкраіны пагрозьлівым.
«І зноў наконт гэтай заявы. Беларусь ужо не ўпершыню такім чынам стараецца перакласьці адказнасьць на Ўкраіну, што мы трымаем свае войскі і сродкі на мяжы з гэтай краінай. Але асноўная наша задача — гэта бясьпека і абарона. Мы і далей будзем рабіць усё, каб гэты кірунак быў абаронены», — падкрэсьліў ён.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны дадаў, што пакуль на тэрыторыі Беларусі няма дастатковых расейскіх сіл для паўторнага ўварваньня ва Ўкраіну.
«А беларускія падразьдзелы, якімі ўзмацняюць мяжу з нашай краінай, як і раней, знаходзяцца на розных кірунках, але на пэўнай адлегласьці ад мяжы», — дадаў Андрэй Дземчанка.
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі 20 чэрвеня заявілі пра ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы ў сувязі зь нібыта павелічэньнем у сумежнай Жытомірскай вобласьці Ўкраіны колькасьці вайскоўцаў, у тым ліку «сіл спэцыяльных апэрацый і спэцпадразьдзелаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны» зь цяжкім узбраеньнем нямецкай і амэрыканскай вытворчасьці.
21 чэрвеня ў Міністэрстве абароны Беларусі заявілі аб пачатку раптоўнай праверкі гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак Узброеных сіл да выкананьня задач па прызначэньні. Праверка баявой гатоўнасьці адбываецца на палігонах і ўчастках мясцовасьці ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях, памежных з Украінай.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум