Расея ў ноч на 20 чэрвеня запусьціла па Ўкраіне 27 ударных дронаў і 9 ракет розных тыпаў.
Адначасова Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб зьнішчэньні 15 баявых бесьпілётнікаў над шасьцю рэгіёнамі.
Ад расейскага абстрэлу пацярпелі 10 абласьцей
Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, пры дапамозе супрацьпаветраных сродкаў украінскія войскі змаглі зьбіць 5 з 9 запушчаных Расеяй ракет і ўсе 27 дронаў.
Згодна з афіцыйным паведамленьням, усе запускі адбыліся з расейскай тэрыторыі — з акваторый Касьпійскага і Азоўскага мора, з Варонескай вобласьці і Краснадарскага краю.
Пад абстрэлам апынуліся Днепрапятроўская, Запароская, Данецкая, Мікалаеўская, Херсонская, Харкаўская, Кіеўская, Чаркаская, Палтаўская і Віньніцкая вобласьць.
У энэргетычнай кампаніі «Укренерго» паведамілі, што Расея зноў скіравала сваю атаку супраць энэргетычных аб’ектаў. У чатырох абласьцях — Віньніцкай, Кіеўскай, Днепрапятроўскай і Данецкай — пашкоджаньне абсталяваньне і лініі электраперадач.
Папярэдне ў выніку начной атакі загінулі два чалавекі і 10 атрымалі раненьні ў Херсонскай, Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласьцях.
У Расеі зноў гараць нафтабазы
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў ноч на 20 чэрвеня Ўкраіна дронамі атакавала шэсьць расейскіх рэгіёнаў — Рэспубліку Адыгею, Краснадарскі край, а таксама Бранскую, Белгарадзкую і Арлоўскую вобласьці.
Згодна з афіцыйным паведамленьнем, расейская СПА «перахапіла і зьнішчыла» 15 дронаў.
Губэрнатар Адыгеі Мурат Кумпілаў паведаміў, што ўначы ў выніку атакі дронаў загарэлася нафтабаза ў пасёлку Энем Тахтамукайскага раёну.
«А 6-й раніцы пажарна-выратавальныя падразьдзелы цалкам зьліквідавалі ўзгараньне. Плошча пажару склала каля 400 квадратных мэтраў. Пацярпелых і пагрозы для жыхароў няма. На месцы працуе апэратыўны штаб», — напісаў Мурат Кумпілаў у сваім Telegram-канале.
Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў паведаміў аб разбурэньні прыватнага дома ў Славянску-на-Кубані і гібелі адной мясцовай жыхаркі.
Кіраўнікі Бранскай, Белгарадзкай і Арлоўскай абласьцей сьцьвярджаюць, што ў выніку атакі няма ніякіх руйнаваньняў і ахвяр.
У той жа час губэрнатар Тамбоўскай вобласьці Максім Ягораў заявіў, што ў ноч на 20 чэрвеня «адбыўся воплеск і ўзгараньне рэзэрвуару на тэрыторыі Платонаўскай нафтабазы ў Расказаўскай муніцыпальнай акрузе». Аднак ён не ўдакладняе маштабы пажару. Паводле яго, пацярпелых няма.
Адметна, што ў Міністэрстве абароны Расеі аб атацы дронаў на Тамбоўскую вобласьць увогуле не згадалі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум