Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы арыштавалі беларуса: ён кіраваў групоўкай, якая незаконна перапраўляла людзей у ЭЗ па праграме Poland Business Harbour


Фота затрыманага з сайта Памежнай службы Польшчы
Фота затрыманага з сайта Памежнай службы Польшчы

У Варшаве затрымалі 26-гадовага грамадзяніна Беларусі. Яму прад’явілі абвінавачаньне ў кіраўніцтве злачыннай групоўкай, мэтай якой была арганізацыя нелегальнай міграцыі іншаземцаў у ЭЗ шляхам перасячэньня мяжы з Польшчай у парушэньне заканадаўства, паведамляе Памежная служба Польшчы.

Беларус кіраваў групай, у якую ўваходзілі 30 чалавек — палякі, беларусы і ўкраінцы. Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізацыі незаконнага перасячэньня польскай мяжы, у дачыненьні да 4 зь іх суд вынес рашэньне аб часовым арышце.

Яны займаліся перапраўкай мігрантаў у Эўразьвяз. У сваёй дзейнасьці яны выкарыстоўвалі кампаніі, якія не вялі ніякай прадпрымальніцкай дзейнасьці, і падробленыя дакумэнты для атрыманьня візаў (у асноўным працоўных), сярод іх — візы ў рамках праграмы Poland Business Harbour.

Пра дзейнасьць групоўкі стала вядома ад Генконсульства Польшчы ў Берасьці. Да заявы на атрыманьне візы іншаземец прыклаў дэклярацыю аб наданьні працы іншаземцу, выдадзеную фірмай, якая не займаецца найманьнем супрацоўнікаў. Праверка паказала, што іншаземец прадставіў консулу падроблены дакумэнт.

«Устаноўлена, што арганізаванай злачыннай групе ўдалося арганізаваць незаконнае перасячэньне мяжы сама меней 2000 чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • Праграму Poland. Business Harbour запусьцілі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спэцыялістаў і тэхналягічныя кампаніі з постсавецкіх краін, перш за ўсё зь Беларусі.
  • У верасьні 2023 году ў Польшчы разгарэўся візавы скандал: Генпракуратура Польшчы правяла расьсьледаваньне і выявіла шматлікія факты незаконнай выдачы візаў па праграме Poland. Business Harbour. Былі арыштаваныя сама меней 7 чалавек, адзін з намесьнікаў міністра замежных спраў Польшчы пайшоў у адстаўку. Гаворка ішла перш за ўсё пра незаконную выдачу візаў мігрантам з Азіі і Афрыкі.
  • З 26 студзеня 2024 году Польшча закрыла праграму Poland. Business Harbour. МЗС краіны заявіла, што яна не апраўдала надзеяў. Таксама ўзьнікалі сумневы ў мэтавым выкарыстаньні візаў. За час дзеяньня праграмы Польшча выдала больш за 93 тысячы візаў PBH, але зь верасьня 2020 па 20 лістапада 2023 году ў Польшчу ўехалі толькі 13 259 уладальнікаў такіх візаў, або толькі каля 15% ад усіх, хто іх атрымаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG