Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачаўся суд над украінцам і беларусам, якіх вінавацяць у шпіянажы на карысьць Расеі


Затрыманьне польскімі спэцслужбамі падазраванага ў шпіянажы
Затрыманьне польскімі спэцслужбамі падазраванага ў шпіянажы

У акруговым судзе Любліна 20 траўня пачаўся суд над 23-гадовым украінцам Максімам Л. і 30-гадовым беларусам Уладзіславам П., абвінавачанымі ў шпіянажы на карысьць Расеі.

Пра гэта паведамляе выданьне Mostmedia.

Абодва ўжо былі ў судзе разам з 14 іншымі чальцамі злачыннай групы. Але астатнія абвінавачаныя тады прызналі віну і пагадзіліся на датэрміновае добраахвотнае адбыцьцё пакараньня, а Максім і Уладзіслаў — не. Таму іх справы вынесьлі ў асобнае вядзеньне.

Паводле вэрсіі сьледзтва, украінец і беларус уваходзілі ў арганізаваную злачынную групу, чальцы якой зьбіралі інфармацыю пра крытычна важныя аб’екты інфраструктуры, у тым ліку чыгункі, аэрадромы і марскія парты, празь якія ішлі пастаўкі гуманітарнай і вайсковай дапамогі Ўкраіне. Мужчыны са студзеня па сакавік 2023 году назіралі за аэрадромам і чыгуначнай станцыяй у Жэшаве, а таксама ўсталёўвалі камэры ўздоўж участкаў чыгунак, па якіх дастаўлялася дапамога Ўкраіне. Беларус Уладзіслаў П., апроч гэтага, павінен быў весьці назіраньне за марскімі партамі ў Гданьску і Гдыні.

Максім Л. прызнаў сябе вінаватым і выказаў шкадаваньне, што ўдзельнічаў у злачыннай групе. Аднак заявіў, што ня ведаў, з кім меў справу. Па словах яго адваката, ён усё ж мае намер падаць заяву аб добраахвотным падпарадкаваньні пакараньню і згодны адбыць шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, сплаціць штраф у памеры 15 тысяч злотых (каля 4 тысяч даляраў у эквіваленце), таксама ён згодзен на канфіскацыю 20,5 тысяч злотых (каля 5 тысяч даляраў у эквіваленце). Пракурор не пярэчыў супраць такіх умоў.

Уладзіслаў П. яшчэ на ранейшым працэсе выказваў згоду на добраахвотнае папярэдняе адбыцьцё пакараньня. Тады ён быў папярэдне прыгавораны да 3,5 года зьняволеньня. Але затым адклікаў згоду.

Цяпер беларус прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што ягоная роля ў дзейнасьці злачыннай групы была меншая, чым лічыць абвінавачаньне.

— Я разумею, што ўчыніў злачынства і яно вельмі сурʼёзнае, — сказаў ён.

Удзел у шпіёнскай сетцы ён патлумачыў тым, што пасьля пераезду ў Польшчу ня мог знайсьці працу і апынуўся ў цяжкай сытуацыі. Беларус таксама сказаў, што шкадуе аб сваіх дзеяньнях.

Судзьдзя Міраслаў Бжазоўскі абвясьціў у справе перапынак да 19 чэрвеня. Да гэтага часу ён прыме рашэньне адносна пакараньня Максіму Л., прапанаванага ягоным адвакатам. Да таго ж паседжаньня Ўладзіслаў П. павінен будзе вырашыць, ці пагодзіцца ён на працэдуру добраахвотнага падпарадкаваньня пакараньню.

Чым займалася злачынная група і колькі за гэта плацілі

Плян-максымум палягаў у адпраўцы пад адхон цягніка з вайсковым транспартам для Ўкраіны. За гэта была прапанаваная ўзнагарода ў памеры 10 тысяч даляраў.

Заданьні, якія чальцы групы атрымлівалі ад куратараў, былі розныя. Перш за ўсё — назіраньне за транспартнай інфраструктурай і вайсковымі абʼектамі: марскімі партамі, аэрапортамі, чыгуначнымі вакзаламі і вайсковымі часткамі Польшчы. Паводле зьвестак польскай пракуратуры, чальцы групоўкі ўстанавілі на чыгуначных шляхах ня менш за 6 камэр відэаназіраньня, а ў цягніках устанавілі GPS-перадатчыкі.

За ўсталяваную камэру выканаўцам плацілі 300–400 даляраў.

Таксама ўдзельнікі групы атрымлівалі драбнейшыя заданьні, зьвязаныя з прапагандысцкай дзейнасьцю: малявалі графіці, расклейвалі стыкеры і ўлёткі з антынатаўскімі і антыўкраінскімі лёзунгамі.

За кожную ўлётку выканаўца атрымліваў пяць даляраў.

Таксама выканаўцам выдзелілі грошы на пражываньне ў гатэлях і на паездкі па краіне. Як высьветліла пракуратура, плацілі абвінавачаным у крыптавалюце.

Якія пакараньні атрымалі іншыя ўдзельнікі групы

Іншыя чальцы групы, якія пагадзіліся раней на добраахвотнае адбыцьцё пакараньня, атрымалі тэрміны ад аднаго году і аднаго месяца да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Таксама суд прызначыў ім штрафы ў памеры ад 1 тысячы да 20 тысяч злотых (ад 250 да 5000 даляраў у эквіваленце) і пастанавіў канфіскаваць сродкі, атрыманыя ў выніку злачыннай дзейнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG