Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла новая «турэмная» кніга палітзьняволенага юрыста Максіма Знака


Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

Выйшла новая кніга палітзьняволенага беларускага юрыста Максіма Знака пад назвай «Зэкамэрон. Вершы. Гутаркі». Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміла пісьменьніца Тацяна Нядбай.

Кніга выйшла ў варшаўскім выдавецтве «Полацкія лябірынты» да Дня салідарнасьці з палітвязьнямі 21 траўня.

Папярэдняя кніга Максіма Знака «Зэкамэрон» разышлася вельмі хутка, таму яе вырашылі перавыдаць, а ягоныя вершы і «Гутаркі» друкуюцца ўпершыню, адзначае Тацяна Нядбай.

Старт продажаў кнігі плянуецца ў Варшаве 25 траўня ў межах Варшаўскага кніжнага кірмашу (14.00–14.50) на стэндзе незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь» (стэнд 138, Мармуровая заля) (stoisko nr 138 w Sali Marmurowej, PKiN). Кірмаш праходзіць у Варшаве 23–26 траўня па адрасе: Pałac Kultury i Nauki, plac Defilad.

Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».

Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кнігі. Ягоная кніга «Зэкамэрон» стала адным зь пераможцаў беларускай літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», а пераклад яе на ангельскую трапіў у лік 15 кніг, уганараваных прэміяй Ангельскага ПЭНу PEN Translates за найлепшы пераклад году.

У траўні ў Варшаве з аншлягам прайшла прэм’ера спэктакля паводле «Зэкамэрона» Максіма Знака. Са 100 апавяданьняў палітвязьня тэатральная група «Купалаўцы» выбрала два дзясяткі самых аптымістычных.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG