Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя ў пагонах. Чаму Лукашэнка не задаволены КДБ?


Аляксандар Лукашэнка і старшыня КДБ Іван Тэртэль. Менск, 20 траўня 2024
Аляксандар Лукашэнка і старшыня КДБ Іван Тэртэль. Менск, 20 траўня 2024

Пасьля таго, як тры тыдні таму зьявілася інфармацыя, што «Кібэрпартызаны» ўзламалі сайт КДБ, усе чакалі «разбору палётаў». Здаецца, дачакаліся: Лукашэнка абвесьціў пра кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве спэцслужбы.

Сьцісла:

  • 20 траўня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам КДБ. Афіцыйна аб’яўлена, што абмяркоўвалі «кадравыя рашэньні ў структуры органаў дзяржбясьпекі».
  • Нарада прайшла ў рэжыме надзвычайнай сакрэтнасьці. Ні пасад, ні прозьвішчаў прызначэнцаў, ні нават дакладнай іх колькасьці не названа.
  • Лукашэнка зьвярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасьць узмацненьня барацьбы з карупцыяй у праваахоўных органах.
  • — Калі сыстэма правасудзьдзя разбураная, сілавыя структуры дзейнічаюць паводле прынцыпу «часам не да законаў», то цалкам натуральна і непазьбежна праваахоўныя органы пачынаюць займацца тым, што Лукашэнка назваў «крышеванием».

Мінула больш за тры тыдні, як зьявілася інфармацыя, што «Кібэрпартызаны» ўзламалі сайт КДБ і адкрылі доступ да 40 тысяч допісаў. Гэта выклікала гучны розгалас у незалежных мэдыя, дэмакратычнай супольнасьці. Скандал атрымаўся вялікі. Як можа арганізацыя ахоўваць дзяржаўную бясьпеку, калі ня здольная абараніць нават уласныя ўнутраныя сакрэты, закрытую інфармацыю, базу дадзеных?

Паводле «Кібэрпартызанаў», яны яшчэ ўвосень 2023 году ўзламалі сайт, сьцягнуўшы адтуль усю даступную інфармацыю. Таму ўжо больш за два месяцы ён не працуе, на галоўнай старонцы вісіць абвестка аб тым, што «сайт знаходзіцца ў распрацоўцы». Як доказ свайго посьпеху «Кібэрпартызаны» выклалі сьпіс адміністратараў сайту, базу дадзеных і логі сэрвэра.

Высьветлілася, што калі ўзьнікае рэальны, а не прыдуманы выклік для сыстэмы, то КДБ бездапаможны.

20 траўня Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам КДБ. Афіцыйна абвешчана, што абмяркоўвалі «кадравыя рашэньні ў структуры органаў дзяржбясьпекі». Як казалі раней, зроблены «аргвысновы». Мяркуючы па ўсім, старшыня КДБ Іван Тэртэль захаваў сваю пасаду. Інакш бы ён не прысутнічаў на нарадзе. «Паляцелі голавы» ягоных падначаленых, якія не змаглі забясьпечыць кібэрбясьпеку.

Нарада прайшла ў рэжыме надзвычайнай сакрэтнасьці. Ні пасад, ні прозьвішчаў прызначэнцаў, ні нават дакладнай іх колькасьці не названа. На кадрах прэс-службы паказалі толькі Лукашэнку і Тэртэля.

У публічнай частцы размовы Лукашэнка пра скандал ня згадваў. Казаў толькі пра спробы інфармацыйнай вайны з боку ворагаў і запатрабаваў «спыняць, прытым вельмі рашуча, дзейнасьць замежных спэцслужбаў на тэрыторыі Беларусі».

На што яшчэ Лукашэнка зьвярнуў увагу, дык гэта на неабходнасьць узмацненьня барацьбы з карупцыяй у праваахоўных органах. Зь ягоных словаў можна зразумець, што гэтая праблема апошнім часам абвастрылася. Лукашэнка сказаў: «Вельмі важная задача, гэта галоўная прычына таго, што я запрасіў вас сюды ў сувязі з прызначэньнем, — гэта пытаньні недапушчэньня карупцыі і „крышевания“ ў нашай краіне з боку падкантрольных вам органаў. Вы ведзяце контравыведвальнае забесьпячэньне і кантрольных органаў, і праваахоўных органаў. Вы павінны прымаць адпаведныя меры і інфармаваць мяне...»

Такім чынам, барацьба з карупцыяй у праваахоўных органах — гэта цяпер «вельмі важная задача». Нельга сказаць, што карупцыйны складнік у дзейнасьці сілавых структур — гэта вялікае адкрыцьцё. Адпаведных фактаў нямала. Можна згадаць, напрыклад, нядаўнюю «справу ДФР»: за карупцыйныя злачынствы КДБ арыштаваў больш за два дзясяткі афіцэраў з цэнтральнага апарату Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў і ўпраўленьня дэпартамэнту па Менску і Менскай вобласьці.

З чаго ж сталася, што структуры, закліканыя ахоўваць закон, змагацца са злачыннасьцю, самі сталі на сьлізкі карупцыйны шлях?

Пасьля 2020 году палітычная, інстытуцыйная вага праваахоўных органаў павялічылася, яны сталі галоўнай апорай рэжыму. Узмацніўся іх кантроль над эканамічнай сфэрай, асабліва над бізнэсам, прычым у сытуацыі прававой сваволі. Але калі сыстэма правасудзьдзя разбураная, сілавыя структуры дзейнічаюць паводле прынцыпу «часам не да законаў», «усё дазволена» (як у Дастаеўскага), то цалкам натуральна і непазьбежна пачынаюць займацца тым, што Лукашэнка назваў «крышеванием». Калі падчас палітычных рэпрэсій сілавікам дазволена не зважаць на закон, то было б дзіўна, што ў іншых выпадках яну будуць прытрымлівацца закону. Атрымаўшы карт-блянш на поўную свабоду дзеяньняў, не абмежаваную ніякімі прававымі нормамі, супрацоўнікі праваахоўных органаў на нейкім этапе непазьбежна пачынаюць гуляць у сваю гульню. У іх зьяўляюцца свае інтарэсы, у тым ліку эканамічныя. Яны выходзяць з-пад кантролю Лукашэнкі. То бок сама сыстэма спараджае падобныя праблемы зноў і зноў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG