Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі Impact у Познані. Цягам двух дзён удзельнікі абмяркоўваюць актуальныя пытаньні для Эўропы. У прыватнасьці, поглядамі на праблемы рэгіёну і спосабы іх вырашэньня дзеляцца палітыкі Мішэль Абама, Радаслаў Сікорскі і Сана Марын, навукоўцы Тымаці Снайдэр ды Іван Крастэў, кіраўнікі банкаў, зорныя спартоўцы, адмыслоўцы ў сфэры мэдыя і IT-тэхналёгіяў.
Паводле прэсавай службы Ціханоўскай, галоўныя тэзы пра сытуацыю ў Беларусі, якія яна агучыла на канфэрэнцыі ў Познані:
- Тэрор і ціск. Беларусы жывуць ва ўмовах, якія нагадваюць сталінскія часы, з адвольнымі арыштамі і пастаяннай нявызначанасьцю. Рэжым імкнецца пасеяць страх і расчараваньне сярод насельніцтва праз гвалт і русыфікацыю.
- Падпольны супраціў і інфармацыйная вайна. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, існуе актыўны падпольны супраціў — у тым ліку кібэрактывісты і народная выведка. Расейская прапаганда актыўна дэзынфармуе і стварае шум, каб заблытаць людзей.
- Адсутнасьць падтрымкі ўлады з боку народу. Большасьць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку і стаміліся ад яго кіраваньня. Яго падтрымка трымаецца на сілавіках, спэцслужбах і прарасейскай намэнклятуры.
- Палітычныя перавагі. Апытаньні паказваюць: падтрымка Лукашэнкі знаходзіцца на ўзроўні каля 20%, у той час як большасьць насельніцтва выступае за незалежнасьць Беларусі і паляпшэньне стасункаў з ЭЗ.
- Пераважная большасьць супраць удзелу ў вайне і разьмяшчэньня ядзернай зброі ў краіне.
Таксама Ціханоўская акрэсьліла практычныя крокі, празь якія эўрапейская супольнасьць можа дапамагчы беларусам:
- дапамога незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасьці;
- сынхранізацыя ціску на рэжым;
- візавая падтрымка і інтэграцыя;
- падтрымка эўрапейскай будучыні для Беларусі;
- супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі;
- прыцягненьне рэжыму да адказнасьці праз унівэрсальную юрысдыкцыю.
Форум