Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пункце пропуску «Каменны Лог» правядуць маштабную рэканструкцыю: узмоцняць кантроль і відэанагляд


Пункт пропуску «Каменны Лог»
Пункт пропуску «Каменны Лог»

Таксама на пункце пропуску на мяжы зь Літвой зьявіцца сыстэма распазнаваньня нумароў машын.

У беларускім пункце пропуску на мяжы зь Літвой «Каменны Лог» створаць новую сыстэму бясьпекі: палепшаць відэаназіраньне, узмоцняць ахову. Таксама пабудуюць сыстэму распазнаньня нумароў машын, піша Hrodna.life са спасылкай на сайт дзяржаўных закупак.

Работы ўключаюць у сябе мадэрнізацыю існай сыстэмы відэаназіраньня. Заменяць састарэлае абсталяваньне. Усталююць дадатковыя відэакамэры па пэрымэтры пункту пропуску. Заменяць існую сыстэму аховы пэрымэтру. Спраектуюць сыстэму кантролю доступу ў службовыя памяшканьні і залі афармленьня пасажыраў аўтобусаў. Заменяць блякатары ад несанкцыянаванага ўезду і шлягбаўмы.

«Будінжынэрсэрвіс» і Дзяржаўны памежны камітэт праводзяць ацэнку цэнавых прапаноў на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі. На гэта выдаткуюць 50 000 рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Дакумэнтацыю будуць рабіць з 1 чэрвеня па 30 жніўня. Самі ж работы пачнуцца ў лістападзе.

Рашэньне аб будаўніцтве прыняў Ашмянскі райвыканкам 27 сакавіка 2024 году. Таксама стала вядома, што пункт пропуску абсьледавалі ў лютым.

Новыя камэры ў «Каменным Логу»

Асобна хочуць мадэрнізаваць сыстэму відэаназіраньня. Згодна з патрабаваньнямі, яна павінна забясьпечваць бесьперапынную працу, аўтаматычнае фармаваньне архіву, дыстанцыйны доступ і ўзаемадзеяньне зь іншымі носьбітамі і сыстэмамі. Цяпер камэры павінны быць з пашыраным дынамічным дыяпазонам і з магчымасьцю працы ва ўмовах малой асьветленасьці. Аб’ектывы павінны ўмець факусавацца.

Для гэтага «Гарбудінжынірынг» шукае выканаўцаў праектных і пошукавых работ за 62 176.21 рубля. Грошы знойдуць ва ўласным бюджэце.

Мадэрнізацыю плянуюць рабіць са жніўня па сьнежань. Само будаўніцтва будзе каштаваць 880 000 рублёў. Заклалі сыстэму ў 2008 годзе.

Нумары машын будуць лепш бачныя

Таксама ў «Каменным Логу» пабудуюць аўтаматызаваную сыстэму распазнаваньня рэгістрацыйных знакаў транспарту. Гэта праграмна-тэхнічны комплекс для распазнаваньня і вядзеньня ўліку.

Заказчык праектных і пошукавых работ — «Гарбудінжынірынг». Гэта будзе каштаваць 9088,39 рубля. Самі ж працы будуць каштаваць 300 000 рублёў. Яны пройдуць са жніўня па сьнежань.

Цеплатраса ў «Каменным Логу»

Згодна з плянамі, да «Каменнага Логу» пабудуюць цеплатрасу. Пакуль выбіраюць падрадную арганізацыю для распрацоўкі праектнай дакумэнтацыі. Праектам займаецца Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Ашмянскага раёну. Падрадчык атрымае 126 386,17 рубля. Работы павінны скончыць да верасьня.

На гэты момант невядома, наколькі гэта паўплывае на прапускную здольнасьць пункту памежнага афармленьня і пропуску. Па літоўскі бок мяжы знаходзіцца пункт пропуску Меднікі. Праз чэргі на выезд у ЭЗ на некаторых пунктах пропуску праходжаньне мяжы ў траўні 2024 году займае да двух дзён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG