Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Салтанат. Як суд над былым міністрам у Казахстане паказаў, што гвалт любіць цішыню


Салтанат Бішымбаева (Нукенава) і Куандык Бішымбаеў, каляж
Салтанат Бішымбаева (Нукенава) і Куандык Бішымбаеў, каляж

«Я адчуваю, што Мордар адступіў», — піша казахстанская журналістка Гулім Амірханава пра вырак Куандыку Бішымбаеву, які месяцамі зьдзекаваўся з жонкі, а потым літаральна забіў яе да сьмерці.

За гэтай справай — безь перабольшваньня — сачылі мільёны людзей. Салтанат Нукенава стала, мабыць, самай вядомай казашкай у сьвеце. На жаль, пасьмяротна.

Магчыма, гэтая гісторыя не прыцягнула б так шмат увагі, калі б не асоба забойцы. Калі б Бішымбаеў ня быў былым міністрам, які ўжо мае крымінальнае мінулае і выйшаў па амністыі, адсядзеўшы менш за 4 гады з прысуджаных 10. Калі б ён ня быў тыповым прадстаўніком так званага «старога Казахстану», дзе ўсіх можна падкупіць і дзе жыцьцё жанчыны нічога не каштуе. Гэта магла б быць проста чарговая справа пра нібыта даведзенага да агрэсіі мужчыны, але яна стала, выбачайце за патас, сымбалем новага сьветапарадку, у якім жанчына — сапраўдны і паўнавартасны чалавек.

Я не глядзела цалкам стрымы з судовых паседжаньняў, але бачыла шмат гадзін урыўкамі. Глядзець на гэта было цяжка, узьнікала шмат паралеляў зь іншымі гісторыямі хатняга гвалту. З тымі гісторыямі, калі муж зьдзекуецца з жонкі і кажа, як ён прымусіць усіх паверыць, нібыта сапраўдная ахвяра — гэта ён, і потым сапраўды выконвае абяцаньне. З гісторыямі, у якіх муж б’е жонку галавой аб сьцяну, а потым кажа, што яна сама гэта з сабой рабіла, каб яму насаліць. З тымі гісторыямі, у якіх жанчыну ня слухаюць, бо мужчына, які яе біў, мае высокі статус у грамадзтве. Ён жа прафэсар, лекар ці проста Паважаны Чалавек!

Усе гэтыя звычайныя ўжо хітрыкі спрабаваў правярнуць сам Бішымбаеў і ягоныя абаронцы, але ў іх нічога не атрымалася. Не ўратавала яго ні зьнішчэньне ўлік, ні спроба выставіць усё так, нібыта сапраўдным агрэсарам у іх стасунках была Салтанат, а ён пакутаваў і ўсё цярпеў.

Безумоўна, велізарную ролю ў справе сыгралі судова-мэдычная экспэртыза і паказаньні самога экспэрта, але ёсьць адзін фактар, безь якога Бішымбаеву, магчыма, удалося б падмануць прысяжных. У мінулым, калі ён біў Салтанат, яна як мінімум аднойчы падзялілася фатаздымкам свайго пабітага твару са сваім братам. А яшчэ яна расказвала сяброўкам пра тое, як ён зьдзекаваўся зь яе псыхалягічна. Хутчэй за ўсё, яна расказвала толькі пэўную частку, але і гэта дапамагло потым давесьці на судзе, што ён рэгулярна яе біў і іншым чынам зьдзекаваўся зь яе.

Калі кажуць, што гвалт любіць цішыню, гэта не пустыя словы. Калі б Салтанат нікому нічога не казала, Бішымбаева абвінавацілі б толькі ў забойстве, але не ў сыстэматычных катаваньнях. Магчыма, яму ўдалося б тады і пераканаць прысяжных, што ў дзень забойства адбылася нейкая памылка, а ён ніяк не хацеў шкодзіць «сваёй каханай».

Але ўсё склалася інакш. Бішымбаеву прысудзілі 24 гады зьняволеньня, у Казахстане зьмянілі заканадаўства, каб жанчыны нарэшце былі абароненыя ад хатняга гвалту, і ў нас усіх зьявіўся яшчэ адзін доказ, што хоць у нечым сьвет зьмяняецца да лепшага.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG