Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Душанбэ расейскаму амбасадару ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з парушэньнем правоў таджыкаў у Расеі


Міністэрства замежных спраў Таджыкістану
Міністэрства замежных спраў Таджыкістану

27 красавіка стала вядома пра затрыманьні ў аэрапортах Расеі грамадзян Таджыкістану для правядзеньня больш пільнага надгляду і кантролю.

Міністэрства замежных спраў Таджыкістану ўручыла амбасадару Расеі Сямёну Грыгор’еву ноту пратэсту, у якой канстатавала «сур’ёзную заклапочанасьць масавымі выпадкамі праявы падкрэсьлена нэгатыўнага стаўленьня да грамадзян Таджыкістану на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама паўсюднага парушэньня іх правоў і свабод».

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні зьнешнепалітычнага ведамства Таджыкістану, у ноце зьвярнулі ўвагу расейскага боку на несумяшчальнасьць такіх дзеяньняў датычна таджыцкіх грамадзян «з духам і традыцыямі таджыцка-расейскіх дачыненьняў».

Што папярэднічала

27 красавіка стала вядома пра затрыманьні ў аэрапортах Расеі грамадзян Таджыкістану для правядзеньня больш пільнага надгляду і кантролю. Паводле таджыцкага боку, затрымалі амаль тысячу грамадзян Таджыкістану, якія ня мелі элемэнтарных санітарных умоў. Сярод іх былі і студэнты, якія навучаюцца на тэрыторыі Расеі паводле адукацыйных квот ураду Расеі.

У МЗС Расеі патлумачылі дадатковыя меры бясьпекі ў аэрапортах адносна іншаземцаў актывізацыяй «захадаў па прафіляктыцы тэрарызму». У Маскве падкрэсьлілі, што гэтыя меры часовыя і безадносныя да нацыянальнай прыналежнасьці асоб, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Расеі.

Перад гэтым 12 красавіка міністар замежных спраў Таджыкістану Сіраджыдын Мухрыдын выступіў з рэзкай заявай на пасяджэньні Савету міністраў замежных спраў СНД у Менску.

У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на недапушчальнасьць катаваньняў датычна падазраваных і фармаваньне варожасьці і нянавісьці датычна грамадзян Таджыкістану.

«Пры расьсьледаваньні тэрарыстычнага акту 22 сакавіка ў Маскоўскай вобласьці праваахоўныя органы павінны выконваць нормы і прынцыпы міжнароднага права, патрабаваньні свайго заканадаўства, асабліва ў частцы прэзумпцыі невінаватасьці, забароны катаваньняў і жорсткага стаўленьня да затрыманых», — заявіў кіраўнік МЗС Таджыкістану на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў СНД.

22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» у падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.

Сьледчы камітэт РФ раней паведамляў пра затрыманьне 12 падазраваных, вядома пра арышт 10 зь іх — у асноўным грамадзян Таджыкістану.

Пасьля першых затрыманьняў некалькі праваенных расейскіх каналаў апублікавалі здымкі і відэазапіс катаваньняў падазраваных у нападзе на канцэртную залю «Крокус сіці хол» — аднаму зь іх да геніталій падключылі вайсковы апарат сувязі ТА-57, які, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць для катаваньняў разрадамі электрычнасьці, а другому адрэзалі нажом кавалак вуха, а затым прымушалі гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.

У судах, калі ўхваляліся рашэньні аб арышце падазраваных, яны выглядалі моцна зьбітымі.

Расейскія ўлады ніяк не пракамэнтавалі відэа з катаваньнямі затрыманых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG