Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя стаўкі па крэдытах, улік аўтамабіляў, выбары ў Каардынацыйную раду, баўгарскія візы. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 траўня


Маладыя мамы. Ілюстрацыйнае фота
Маладыя мамы. Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі з новага месяца будуць новыя стаўкі па крэдытах, амбасада новай краіны Шэнгенскай зоны пачне выдаваць візы, вырастуць надбаўкі і дапамога на дзяцей.

Павялічацца значэньні РВСР

Нацыянальны банк Беларусі з 1 траўня павялічыць значэньні разьліковых велічыняў стандартнай рызыкі (РВСР) — гэта адбудзецца ўпершыню за апошнія тры месяцы. Гэта працэнтная столь у банкаўскіх крэдытах, у першую чаргу на нерухомасьць.

Па новых крэдытах у беларускіх рублях, ня лічачы льготных, паказьнік складае:

  • для юрыдычных асоб — 11,98% гадавых (+0,37%);
  • для фізычных асоб — 17,22% гадавых (+0,59%).

Бягучыя значэньні разьліковых велічыняў стандартнай рызыкі заставаліся нязьменнымі зь лютага.

Карэктаваньне значэньняў разьліковых велічыняў стандартнай рызыкі ўплывае на рост або скарачэньне адсоткаў за карыстаньне крэдытнымі сродкамі для бізнэсу і насельніцтва ў большасьці камэрцыйных банкаў нашай краіны.

РВСР вызначае верхнія межы для ставак па крэдытах: больш высокія працэнты не забаронены, але для іх прымяненьня ў адрас банкаў выстаўляюцца дадатковыя патрабаваньні да капіталу і фармаваньня рэзэрваў.

Яшчэ адзін паказьнік, на які фінансавыя ўстановы арыентуюцца пры выстаўленьні ставак па пазыках, — стаўка рэфінансаваньня. Цяпер яна складае 9,5% гадавых. Нацбанк прагназуе, што стаўка рэфінансаваньня ў сярэднім за 2024 год будзе на ўзроўні 9-9,5% гадавых.

Парадак выплаты пэнсій

Грамадзяне ва ўзросьце да 70 гадоў і інваліды ІІІ групы з 1 ліпеня пачнуць атрымліваць пэнсію выключна праз банкі. Гэтае правіла таксама закране сем'і, якія выхоўваюць дзяцей і атрымліваюць дапамогі на догляд.

Аднак людзі, старэйшыя за 70 гадоў, і інваліды I, II групы па-ранейшаму змогуць выбіраць, як атрымліваць сваю пэнсію. Яны могуць працягваць атрымліваць яе праз пошту, у тым ліку дастаўку на дом. Такое ж права захаваецца ў атрымальнікаў дзіцячых дапамог, якія самі зьяўляюцца інвалідамі, а таксама ў сем’яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў.

Гэтыя зьмены зьвязаны з набыцьцём моцы новай рэдакцыі Закону «Аб сацыяльным абслугоўваньні». Асобна агаворваецца ў дакумэнце і тое, што дастаўка пэнсій і дапамог на дом па ўсёй краіне будзе ажыцьцяўляцца толькі дзяржаўным апэратарам паштовай сувязі «Белпошта».

Правілы пастаноўкі аўтамабіля на ўлік

Савет Міністраў Беларусі ўнёс зьмяненьні ў пастанову № 1849 ад 31 сьнежня 2022 году, якая зьяўляецца асноўным дакумэнтам аб пастаноўцы і зьняцьці з уліку транспартных сродкаў у краіне. Важныя палажэнні пастановы № 294 набываюць моц з 17 чэрвеня 2024 году.

Зараз уласьнік (лізінгаатрымальнік) павінен зьвярнуцца ў рэгістрацыйнае падразьдзяленьне для рэгістрацыі аўтамабіля цягам 30 дзён пасьля яго куплі, атрыманьня або ўвозу. Раней гэты тэрмін складаў 10 дзён, піша blizko.by.

Пры рэгістрацыі транспартнага сродку больш не патрабуецца падаваць шэраг дакумэнтаў, якія раней былі неабходныя пэўным катэгорыям транспарту. Напрыклад, дакумэнт, які адлюстроўвае падлік і выплату ўтылізацыйнага збору, зарэгістраванага мытняй, а таксама дакумэнт, які пацьвярджае вызваленьне ад такога збору.

Падставы для зьняцьця з уліку транспартных сродкаў для ўтылізацыі дапоўнілі «стратай эксплюатацыйных характарыстык» з прычыны:

  • надзвычайных сытуацый прыроднага ці тэхнагеннага характару;
  • баявых дзеяньняў;
  • актаў тэрарызму;
  • дарожна-транспартных і іншых здарэньняў.

Транспартны сродак зараз можна здымаць з уліку для ўтылізацыі, калі ў рэгістрацыйным падраздзяленні няма інфармацыі, якая пацьвярджае яго эксплюатацыю на працягу ня менш як году. Раней гэты тэрмін складаў ня менш як тры гады. Гэта палегчыць жыцьцё тым, хто прадаў аўтамабіль па даверанасьці і ня ведае яго бягучага месцазнаходжаньня.

Для рэгістрацыі транспартнага сродку, раней не зарэгістраванага ў Беларусі і не зарэгістраванага на тэрыторыі дзяржаў – сяброў Эўразійскага эканамічнага саюзу, неабходна прад'яўляць выпіску з электроннага пашпарта транспартнага сродку са статусам «дзейны». Гэтую норму ўвялі яшчэ ў канцы сакавіка. Таксама дакумэнт удакладніў, што пры рэгістрацыі транспартнага сродку, не зарэгістраванага ў Беларусі або дзяржавах ЭАЭС, неабходна падаць выпіску з электроннага пашпарта са статусам «дзейны».

Пасьля ўступленьня ў сілу новых зьмяненьняў, уладальнікам транспартных сродкаў не спатрэбіцца паказваць пасьведчаньне аб рэгістрацыі аўтамабіля ў выпадку, калі яно ўжо ёсьць у базе ДАІ МУС. Акрамя таго, працэс зьняцьця з уліку спросьцяць, калі ў інфармацыйнай сыстэме будуць пазначаныя зьвесткі аб арышце транспартнага сродку або яго знаходжаньні ў міжнародным вышуку.

Перанос працоўнага дня

Працоўны панядзелак 13 траўня пераносіцца на суботу 18 траўня. Але ёсьць катэгорыі беларускіх грамадзян, якім ня трэба будзе адпрацоўваць за панядзелак.

Пераносы працоўных дзён у наступным месяцы распаўсюджваюцца толькі на супрацоўнікаў, якія працуюць у рэжыме «пяцідзёнкі» з выходнымі ў суботу і нядзелю. Пра гэта расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Адпрацоўваць суботу за панядзелак ня трэба:

  • калі на 13 траўня прыпадае пэрыяд адпачынку работніка, працоўнага ці сацыяльнага, або пэрыяд бальнічнага;
  • калі 18 траўня раотнік ізноў знаходзіцца ў адпачынку ці на бальнічным;
  • калі 13-га будзе службовая выправа, павышэньне кваліфікацыі ці перападрыхтоўка;
  • калі супрацоўніка прынялі на працу з 15 па 17 траўня.

Праца пунктаў мытні

З 1 траўня зьменіцца праца некаторых пунктаў мытнага афармленьня (ПМА). Некаторыя зь іх перастануць працаваць кругласуткава.

У Віцебскай вобласьці ў рэжыме 24/7 працягнуць працаваць ПМА Бігосава-1, Полацак і Ўрбаны.

У Горадзенскай у такім рэжыме будуць працаваць Беняконі-1, Бераставіца, Брузгі-1, Брузгі-2, Гудагай, Каменны Лог, Катлоўка, Сьвіслач.

У Гомельскай будзе пяць кругласуткавых пунктаў — Аэрапорт Гомель, Гомель, Калінкавічы, Новая Гута, Новая Рудня.

Столькі ж вырашылі пакінуць і ў Берасьцейскай вобласьці — гэта Берасьце-Ўсходняе, Берасьце-Паўночнае, Варшаўскі мост, Верхні Церабяжоў, Казловічы.

У Менскай вобласьці 24/7 будуць працаваць пункты Аэрапорт Менск-2 і Маладэчна.

Рост бюджэту пражытковага мінімуму

Новая велічыня будзе дзейнічаць да 31 ліпеня 2024 году, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў параўнаньні зь яго значэньнем, вызначаным з 1 лютага, узрасьце на 2,9% і складзе 418,73 рубля.

Для працаздольнага насельніцтва БПМ з 1 траўня па 31 ліпеня складзе 448,99 рубля, а для пэнсіянэраў 303,03 рубля. Для дзяцей да 3 гадоў — 264,93 рубля, ад 3 да 6 гадоў — 354,32 рубля, з 6 да 18 гадоў — 413,07.

Рост надбавак і дапамогі на дзяцей

У сувязі з павелічэньнем бюджэту пражытковага мінімуму аўтаматычна вырастуць надбаўкі і дапамога на дзяцей.

пры нараджэньні першага дзіцяці — 4187,30 рубля (119,9 рубля);
пры нараджэньні другога і наступных дзяцей — 5862,22 рубля (167,86 рубля).

Таксама павялічыцца аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасьці (да 418,73 рубля). Гэта амаль на 12 рублёў больш за ранейшую выплату.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці да 3 гадоў узрасьце да 209,37 рубля (+6 рублёў). Паралельна павялічацца і штомесячныя выплаты сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або зь ВІЧ.

Даплаты да пэнсій:

  • 75 гадоў — 78,51 рубля (+2,24 рубля);
  • 80 гадоў — 104,68 рубля (+2,99 рубля).

Надбаўкі на догляд павялічацца такім чынам:
інвалідам I групы — 104,68 рубля (+2,99 рубля);
пэнсіянэрам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту — 52,34 рубля (+1,49 рубля).

Зьменяцца таксама сацыяльныя пэнсіі і дапамогі ў доглядзе.

Сацыяльныя пэнсіі мужчынам, якія дасягнулі 65 гадоў, і жанчынам, якія дасягнулі 60 гадоў, складуць 209,37 рубля (+6 рублёў).

Дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, павялічацца наступным чынам:

  • пры доглядзе адной асобы — 418,73 рубля (+11,99 рубля);
  • дзьвюх і больш — 502,48 рубля (14,39 рубля).

Акрамя гэтага, вырастуць надбаўкі да пэнсій для асобных катэгорый грамадзян. Гэта ўдзельнікі Другой сусьветнай вайны», вязьні канцлягераў, блякаднікі, воіны-інтэрнацыяналісты, інваліды зь дзяцінства і іншыя.

Выбары ў Каардынацыйную раду

На ўдзел у органе прэтэндуюць 12 сьпісаў кандыдатаў. Пэрыяд агітацыі пачаўся 25 красавіка.

Выбары ў КР пачнуцца 25 траўня і працягнуцца да канца дня 27 траўня. Выберуць 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады.

Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».

Пачатак ЦТ

Сёлета Цэнтралізаванае тэставаньне будзе праходзіць з 27 траўня па 6 чэрвеня:

  • беларуская мова — 30 траўня;
  • расейская мова — 30 траўня;
  • грамадазнаўства — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • матэматыка — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • біялёгія — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • замежная мова (ангельская, нямецкая, француская, гішпанская, кітайская) — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • хімія — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • фізыка — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • гісторыя Беларусі — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • геаграфія — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • усясьветная гісторыя (найноўшы час) — 27 траўня, 3 чэрвеня.

Тэставаньне патрабуецца беларускім абітурыентам для паступленьня ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Першага ліпеня яны атрымаюць сэртыфікаты, зь якімі змогуць падаваць дакумэнты ў жаданыя ВНУ.

Пачнецца запіс на баўгарскія візы ў беларускіх рэгіёнах

Візавы цэнтар у Менску пачаў прымаць дакумэнты з 15 красавіка, а ў іншых гарадах Беларусі дакумэнты можна будзе падаць з 1 траўня, паведамляла раней амбасада Баўгарыі ў Беларусі.

Візавыя цэнтры VFS Global працуюць у дзевяці гарадах Беларусі: Менску, Берасьці, Баранавічах, Віцебску, Гомлі, Горадні, Лідзе, Магілёве і Пінску.

У канцы сьнежня 2023 году Рада Эўразьвязу часткова прыняла Баўгарыю і Румынію ў Шэнгенскую зону. У сакавіку 2024 году на паветраных і марскіх межах дзьвюх краін з краінамі Шэнгенскага пагадненьня скасавалі памежны кантроль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG