Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WSJ: Пуцін, верагодна, не аддаваў загаду забіць Навальнага ў лютым, мяркуе амэрыканская выведка


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, па ўсёй верагоднасьці, не загадваў забіваць апазыцыянэра Аляксея Навальнага ў калёніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе 16 лютага, піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы.

«Такая ацэнка не аспрэчвае віну Пуціна ў сьмерці Навальнага, але гаворыць аб тым, што ён, магчыма, не аддаваў загаду, каб яна адбылася менавіта ў гэты момант», — падкрэсьліваецца ў публікацыі.

Такія высновы, паводле крыніц выданьня, падзяляе амэрыканская выведвальная супольнасьць, у тым ліку ЦРУ, упраўленьне дырэктара Нацыянальнай выведкі і выведпадразьдзяленьне Дзярждэпартамэнту ЗША.

Прадстаўнікі спэцслужбаў ЗША і амбасада Расеі ў Вашынгтоне не адказалі на просьбу газэты аб камэнтарах.

Як распавялі выданьню крыніцы, свае высновы спэцслужбы ЗША зрабілі на аснове аналізу вялікага аб’ёму інфармацыі, у тым ліку сакрэтных дадзеных выведкі, а таксама зьвестак з адкрытых крыніц. The Wall Street Journal зьвяртае ўвагу, што Навальны памёр незадоўга да расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў, і ягоная сьмерць магла азмрочыць пераабраньне Пуціна.

Паводле зьвестак The Wall Street Journal, амэрыканскі бок данёс свой пункт гледжаньня да эўрапейскіх спэцслужбаў. Некаторыя краіны Эўропы скептычна ставяцца да паведамленьняў, што Пуцін ня меў прамога дачыненьня да сьмерці Навальнага: у сучаснай расейскай сыстэме, якая жорстка кантралюецца, сумнеўна, што Навальнаму маглі прычыніць шкоду без папярэдняга апавяшчэньня прэзыдэнта, лічаць некаторыя эўрапейскія чыноўнікі.

Суразмоўцы The Wall Street Journal не ўдакладнілі, ці праводзіў урад ЗША ацэнку сьмерці Навальнага і ці ёсьць у амэрыканскай выведсупольнасьці сваё тлумачэньне гібелі палітыка.

  • У заключэньні аб сьмерці Навальнага сказана, што палітык памёр ад натуральных прычын. Паплечнікі палітыка настойваюць, што яго забілі. За час свайго зьняволеньня больш за 300 дзён Навальны правёў у ШЫЗА.
  • 17 сакавіка Пуцін заявіў, што незадоўга да сьмерці Навальнага ўхваліў ідэю ягонага абмену. СМІ паведамлялі, што Масква была гатовая вызваліць Навальнага, амэрыканскага журналіста Эвана Гершковіча і адстаўнога амэрыканскага марпеха Пола Ўілана. Узамен Расеі, паводле непацьверджаных зьвестак, маглі б выдаць асуджанага ў Нямеччыне да пажыцьцёвага тэрміну па справе аб забойстве чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангошвілі Вадзіма Красікава і яшчэ «кагосьці з асуджаных у ЗША расейцаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG