Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў «недружалюбную» краіну ЭЗ «разам пісаць гісторыю Эўропы». Якія санкцыі ён увёў супраць «недружалюбных краін»


Аляксандар Лукашэнка павіншаваў народ Нідэрляндаў з нацыянальным сьвятам — Днём Караля — і заклікаў іх «пісаць сучасную гісторыю Эўропы разам», паведамляе ягоная прэс-служба.

У віншаваньні Лукашэнка адзначае, што «ў сёньняшніх няпростых умовах» трэба «слухаць і разумець адзін аднаго» і «імкнуцца да мірнага суіснаваньня», і сьцьвярджае, што Беларусь «накіраваная на захаваньне дружалюбных адносінаў», умацаваньне супрацоўніцтва ў розных сфэрах, «асабліва ў сфэры эканомікі».

«Запрашаем вас пісаць сучасную гісторыю Эўропы разам з намі, праз супрацоўніцтва забясьпечыць нашчадкам бясьпечную будучыню і пэрспэктывы для нармальнага разьвіцьця», — заклікаў Лукашэнка ў віншаваньні.

27 красавіка Аляксандар Лукашэнка таксама накіраваў віншаваньне ў Паўднёва-Афрыканскую рэспубліку, дзе сёньня адзначаюць Дзень Свабоды. У тэлеграме на адрас прэзыдэнта краіны, якую Лукашэнка лічыць «сяброўскай», ён, сярод іншага, выказаў гатоўнасьць прыняць Сірыла Рамафосу зь візытам у Беларусі, каб «абмеркаваць актуальныя пытаньні супрацоўніцтва і ўзгадніць сумесныя пляны на будучыню».

  • З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, Эўразьвяз ухваліў ужо 13 пакетаў санкцый супраць Расеі і Беларусі. У канцы 2023 году амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты прызнаў, што «48% беларускай эканомікі — пад заходнімі санкцыямі» і Беларусь вымушаная Беларусь пераарыентоўваць экспарт і шукаць іншыя, «дружалюбныя рынкі».
  • 6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік так званых «недружалюбных краінаў»: у яго ўвайшлі ўсе краіны-сябры Эўрапейскага зьвязу (куды ўваходзяць Нідэрлянды), а таксама Альбанія, Аўстралія, Вялікая Брытанія, ЗША, Ісьляндыя, Канада, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • Літаральна 23 красавіка Беларусь увяла дадатковыя контрасанкцыі супраць «недружалюбных» дзяржаў — абмежаваньне на выплату прыбытку і дывідэндаў інвэстарам з краін, якія знаходзяцца ў адмысловым сьпісе ўраду. Абмежаваньне пачынае працаваць, калі прыбытак або дывідэнды, якія захоча разьмеркаваць інвэстар зь «недружалюбнай» краіны, перавысіць 80 тысяч базавых велічынь (3,2 млн рублёў). Ліміт вызначаны на адзін каляндарны год, для ўсіх бакоў, паміж якімі ў кампаніі зьбіраюцца дзяліць грошы.
  • У сакавіку 2024 году стала вядома, што Беларусь у рамках контрасанкцыяў супраць інвэстараў зь «недружалюбных» краін уводзіць з 1 красавіка 2024 і да канца 2026 году стаўку падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацый, якія не вядуць дзейнасьці ў Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а іхныя офісы знаходзяцца ў «недружалюбных краінах» (да гэтага стаўка часта была на ўзроўні 15%, у асобных выпадках — нават ніжэй). Таксама Беларусь з 1 чэрвеня да 31 сьнежня 2026 году часткова прыпыняе дзеяньне пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня з шэрагам «недружалюбных краін» (у сьпіс увайшлі і Нідэрлянды).
  • У верасьні 2023 году Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на атрыманьне прыбытку і дывідэндаў замежнымі ўласьнікамі маёмасьці. Усе беларускія кампаніі, якімі валодаюць або ў склад акцыянэраў якіх уваходзяць іншаземцы зь «недружалюбных краін», павінны адкрыць спэцыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным зь беларускіх банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі мусяць адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо зь іх на іншыя створаныя ў гэтых жа банках рахункі пераводзіць выплаты іншаземцам.
  • 19 кастрычніка 2023 году Лукашэнка падпісаў указ, якім увёў кантроль дзяржавы за адчужэньнем іншаземцамі зь «недружалюбных краінаў» акцыяў і нерухомай маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер адчужаць магчыма толькі з дазволу беларускага ўраду і пры ўмове выплаты ў мясцовы бюджэт унёску ня менш як 25% ад рынкавага кошту доляў (акцыяў) і маёмасьці гэтых прадпрыемстваў. Таксама ў кастрычніку ўрад Беларусі падоўжыў да 31 сьнежня 2024 году забарону на ўвоз шэрагу прадукцыі замежных кампаніяў дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў і з улікам «недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага народу».
  • У сакавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» краінаў забаранілі адчужаць належныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асобаў, распараджацца акцыямі на сваё жаданьне, а ў кастрычніку яшчэ больш узмацнілі абмежаваньні — забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG