Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінінградзкі губэрнатар заклікаў перагледзець філязофію Канта і назваў таго «расейскім трафэем»


Імануіл Кант
Імануіл Кант

Перагледзець погляды клясіка нямецкай філязофіі Імануіла Канта заклікаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Расеі Антон Аліханаў.

У панядзелак ён выступіў на Міжнародным кантаўскім кангрэсе ў Балтыйскім фэдэральным унівэрсытэце, прысьвечаным 300-годзьдзю з дня нараджэньня філёзафа. Чыноўнік назваў Канта «расейскім трафэем», як і ўсю Калінінградзкую вобласьць.

На думку Аліханава, погляды філёзафа неабходна абмяркоўваць і інтэрпрэтаваць у духу часу. Ён заявіў, што цяпер Расея знаходзіцца «у цэнтры наймагутнейшай кагнітыўнай вайны, дзе збольшага супернік спрабуе прыкрыцца кантаўскай спадчынай». Таму спадчыне Імануіла Канта неабходна зрабіць рэвізію і даць яму «расейскую інтэрпрэтацыю».

Губэрнатар заявіў, што і Кант, і ўсё ў Калінінградзкай вобласьці — «расейскі трафэй», і таму трэба разабрацца, што менавіта дасталася Расеі ў якасьці трафэю.

Таксама ён асьвятліў у сваёй прамове праблемы разьвіцьця тэхналёгіяў штучнага інтэлекту і задаўся пытаньнем, ці можа штучны інтэлект прытрымлівацца маральных прынцыпаў. «Калі ён стане так званым моцным штучным інтэлектам, ці будзе ён арыентавацца на мараль чалавечую, на тыя самыя каштоўнасьці, якія прапісаныя ва ўказе кіраўніка дзяржавы?» — спытаў губэрнатар.

Двума месяцамі раней, у лютым, Аліханаў выступаў на зьезьдзе Расейскага таварыства палітолягаў, дзе зьвязаў прычыны вайны Расеі ва Ўкраіне зь філязофіяй Канта. Ён назваў Канта «адной з духоўных асноваў сучаснага Захаду» і супрацьпаставіў ягонай этыцы расейскія каштоўнасьці.

Імануіл Кант (1724 — 1804) — адзін з найбуйнейшых эўрапейскіх філёзафаў. Нарадзіўся і пражыў усё жыцьцё ў Кёнігсбэргу (Караляўцы) ва Ўсходняй Прусіі. Частка Ўсходняй Прусіі з Кёнігсбэргам была далучаная да СССР у выніку Другой сусьветнай вайны ў 1945 годзе. Горад быў перайменаваны ў Калінінград.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG