Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МУС Беларусі зьявіцца крымінальная выведка. Чым яна будзе займацца


Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў выступае на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, студзень 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў выступае на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, студзень 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У складзе дэпартамэнту будуць створаныя ўпраўленьні, аддзелы, сэктары, а таксама ўпраўленьні па абласьцях з правамі юрыдычных асобаў.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, накіраваны на «ўдасканаленьне дзейнасьці органаў унутраных спраў».

Як адзначаецца ў апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі ўказе, у структуры Міністэрства ўнутраных спраў дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці будзе рэфармаваны ў дэпартамэнт крымінальнай выведкі.

У складзе дэпартамэнту будуць створаныя ўпраўленьні, аддзелы, сэктары, а таксама ўпраўленьні па абласьцях з правамі юрыдычных асобаў.

Згодна з дакумэнтам, дэпартамэнт крымінальнай выведкі будзе ажыцьцяўляць «замежнаэканамічную, пазабюджэтную і зьвязаную са сродкамі негалоснага атрыманьня інфармацыі дзейнасьць».

У той жа час пытаньні, уключаныя ў кампэтэнцыю дэпартамэнту, засакрэцілі: абзацы, якія гэта дэталізуюць, пазначаны ў тэксьце ўказу заўвагай «для службовага карыстаньня».

Дэпартамэнт крымінальнай выведкі зможа на безаплатнай аснове запрошваць і атрымліваць ад дзяржаўных органаў, арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў інфармацыю, у тым ліку з інфармацыйных сыстэм, якая зьмяшчае пэрсанальныя зьвесткі ў пытаньнях, якія ўваходзяць у кампэтэнцыю новай структуры.

Апроч таго, крымінальная выведка атрымае доступ, у тым ліку дыстанцыйны, да інфармацыйных рэсурсаў (сыстэм), якія зьмяшчаюць пэрсанальную інфармацыю. Гэта будзе адбывацца на падставе пісьмовых запытаў або дамовы, падпісанай з уласьнікам інфармацыйнага рэсурсу (сыстэмы).

Цяпер дэпартамэнт забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС Беларусі ачольвае Андрэй Паршын. Сёлета 23 лютага Аляксандар Лукашэнка ўручыў Паршыну пагоны генэрал-маёра міліцыі.

Вядома, што да дэпартамэнту апэратыўна-вышуковай дзейнасьці Андрэй Паршын ачольваў у МУС упраўленьне ўласнай бясьпекі, а ў пачатку 2021 году яго прызначылі кіраўніком ГУБАЗіКу. У верасьні 2022 году ён стаў начальнікам дэпартамэнту апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Паршын стаў шырока вядомым тым, што страляў у падлеткаў у двары.

23 чэрвеня 2022 году ў менскім жылым комплексе «Каскад» у Фрунзэнскім раёне адбылася бойка з удзелам некалькіх чалавек, якая, як паведамлялі незалежныя СМІ, завяршылася стралянінай. Паводле відавочцаў, да інцыдэнту меў дачыненьне Андрэй Паршын. Ён спрабаваў разагнаць кампанію зь пяці падлеткаў, якія сядзелі каля пад’езда ягонага дома.

Пазьней праўладныя тэлеграм-каналы пацьвердзілі дачыненьне Паршына да інцыдэнту. Сьцьвярджалася, што ён стрэліў з траўматычнага пісталета ў «маладога чалавека Яўгена Ўладзімеравіча Д.», які напаў на яго і «выглядаў старэйшым за свае гады».

Пра пачатак якога-небудзь расьсьледаваньня па факце страляніны ў жылым комплексе не паведамлялася. Пазьней з бацькамі падлетка запісалі відэа, у якім яны ўсклалі адказнасьць за інцыдэнт на сына, ухвалілі прымяненьне Паршыным зброі і выбачыліся перад ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG