Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прагаласавала за прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў Дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Рэпэтыцыя параду на Дзень Рэспублікі, 3 ліпеня 2019
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Рэпэтыцыя параду на Дзень Рэспублікі, 3 ліпеня 2019

Палата прадстаўнікоў 17 красавіка прыняла законапраект «Аб прыпыненьні дзеяньня Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе», паведамілі ў прэс-службе ведамства. Гэтая дамова рэгулявала колькасьць узбраеньняў у краінах NATO і краінах Варшаўскай дамовы.

Законапраект не азначае выхаду Беларусі з гэтага міжнароднага пагадненьня, але прадугледжвае прыпыненьне яго дзеяньня ў краіне.

«У практычным пляне гэта будзе азначаць прыпыненьне наданьня дзяржавай – удзельніцай дамовы інфармацыі аб звычайных узбраеньнях і тэхніцы Рэспублікі Беларусь, прыёму і правядзеньня інспэкцый у мэтах кантролю за выкананьнем колькасных абмежаваньняў у дачыненьні да звычайных узбраеньняў і тэхнікі, устаноўленых палажэньнямі дамовы», — патлумачылі ў Палаце прадстаўнікоў.

У Мінабароны раней тлумачылі, што прыпыненьне дзеяньня Дамовы не адаб’ецца на колькасьці беларускіх Узброеных сіл.

Раней Беларусь ужо прыпыняла дзеяньне дамовы ў дачыненьні да Польшчы і Чэхіі. Цяпер жа дамова будзе прыпыненая цалкам. Да гэтага дамову дэнансавала Расея. Яе дзеяньне таксама прыпынілі ЗША і іншыя ўдзельнікі дамовы.

Што гэта за дамова

Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе падпісалі ў лістападзе 1990 году ў Парыжы 16 краін – удзельніц NATO і шэсьць краін – удзельніц Варшаўскай дамовы (так званыя краіны сацыялістычнага лягеру). Набыла моц яна 9 лістапада 1992 году. З гэтага часу дамова дзейнічала для Беларусі.

Гэтая дамова зьявілася ў час, калі зьніжалася супрацьстаяньне паміж двума блёкамі: краінамі NATO і краінамі сацыялістычнага лягеру. У той час дакумэнт быў скіраваны на кантроль колькасьці ўзбраеньняў. Там былі прапісаныя квоты ў колькасьці ўзбраеньняў па пяці асноўных катэгорыях: танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты, баявыя самалёты.

Абедзьвюм групам дзяржаў – удзельніц гэтай дамовы дазвалялася мець роўную колькасьць звычайных узбраеньняў і баявой тэхнікі. Была прапісаная дакладная колькасьць тэхнікі як для абодвух блёкаў у цэлым, так і для паасобных краін.

З ратыфікацыяй дадатковых дакумэнтаў узьнікалі праблемы: ня ўсе краіны былі гатовыя іх падпісваць. Напрыклад, Літва, Латвія і Эстонія наагул адмовіліся далучацца да Дамовы, як і Славенія, Альбанія і Харватыя.

Узьнікалі дадатковыя пытаньні і да Расеі. Асноўнае — вывад войскаў з тэрыторыі Малдовы і Грузіі. Расея ад гэтага адмовілася. Яшчэ ў 2007 годзе Пуцін падпісаў указ, які прыпыняў дзеяньне дамовы на тэрыторыі Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG