Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК пачаў «спэцвядзеньне» супраць бізнэсоўца, які некалі ўваходзіў у топ-200 прадпрымальнікаў Беларусі


Гандлёвы цэнтар «Стралец» у Полацку, які належаў Уладзімеру Захараву, архіўнае фота
Гандлёвы цэнтар «Стралец» у Полацку, які належаў Уладзімеру Захараву, архіўнае фота

Сьледчы камітэт Беларусі пачаў працэс спэцыяльнага вядзеньня ў дачыненьні да буйнога полацкага бізнэсоўца Ўладзімера Захарава, піша «Позірк».

Бізнэсоўца абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 243 (Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры);
  • ч. 2 арт. 243-1 (Ухіленьне ад выкананьня абавязкаў падатковага агента па пералічэньні падаткаў у асабліва буйным памеры);
  • ч. 1 арт. 243-3 (Ухіленьне ад выплаты страхавых унёскаў);
  • ст. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Яму прапануюць зьявіцца ва ўправу СК па Віцебскай вобласьці.

Бізнэсовец Уладзімер Захараў валодаў ТАА «Гандлёвы дом «Стралец», а таксама гандлёвымі цэнтрамі ў Полацку, Наваполацку, Менску, Горадні, Віцебску, Магілёве і Бабруйску. Таксама бізнэсовец валодаў у Полацку вяшчальнай тэлекампаніяй «Квант», якая ўключала ў сябе газэту «Информ плюс», і лікёра-гарэлачным заводам «Вінрэал» (Віцебскі раён).

Дзяржаўныя СМІ са спасылкай на Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю раней паведамлялі, што ва ўласнасьці Захарава ў Беларусі знаходзяцца 68 аб’ектаў нерухомасьці, зь іх 24 — буйныя гандлёвыя цэнтры.

У 2013 годзе ў рэйтынгу выданьня «Ежедневник» Захараў уваходзіў у топ-200 самых уплывовых прадпрымальнікаў Беларусі і займаў 131-ю пазыцыю.

19 лютага 2023 году Камітэт дзяржкантролю заявіў, што «спыніў супрацьпраўную дзейнасьць уладальніка шматлікіх абʼектаў нерухомасьці» ў Віцебскай вобласьці, зьвязаную з ухіленьнем ад выплаты падаткаў, легалізацыяй злачынных даходаў і ўтойваньнем выручкі. Тады завялі тры крымінальныя справы, наклалі арышт на маёмасьць падазраваных — 68 абʼектаў нерухомасьці плошчай больш за 107 тыс. кв. м агульным коштам ня менш як 92 мільёны эўра, у тым ліку 24 гандлёвыя цэнтры, катэджы, кватэры, аўтамабілі «люксавага сэгмэнту».

Паводле сьцьвярджэньня КДК, «для незаконнай мінімізацыі падаткаў» бізнэсовец раздрабіў свой бізнэс: зарэгістраваў у Наваполацку і Полацку «падкантрольныя яму ІП і юрыдычныя асобы, якія прымяняюць спэцыяльны рэжым падаткаабкладаньня», а пасьля разьмяркоўваў паміж імі выручку ад здачы маёмасьці ў арэнду. У выніку прадпрымальнік «недаплаціў у бюджэт больш за 420 тыс. рублёў падаткаў», сьцьвярджаў КДК.

Акрамя таго, паводле ведамства, ён «вывеў з разьліковага рахунку прадпрыемства і абнаявіў праз асабісты карт-рахунак грашовыя сродкі ў суме 3,4 млн рублёў», не сплаціўшы падаходны падатак у памеры 320 тыс. рублёў.

Захараў неаднаразова дэкляраваў сваю ляяльнасьць да ўлады, імаверна, спрабуючы ўратаваць свой бізнэс. 18 лютага 2023 году бізнэсовец публічна заявіў пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Пост утрымліваў абразы на адрас лідэраў дэмакратычных сілаў.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчымае за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня» ўвялі адмыслова для тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму). Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя і інш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG