Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Павышэньне патрыятызму» ў дзяржаўных органах, інфармаваньне беларусаў за мяжой. Урад зацьвердзіў канцэпцыю кадравай палітыкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад зацьвердзіў комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі дзяржаўнай кадравай палітыкі да 2030 году. У ёй замацаваныя заданьні дзяржаўным органам і падпарадкаваным ураду арганізацыям, сталічнаму і абласным выканаўчым камітэтам.

У пастанове №271, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, зацьверджаны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі.

Так, у 2025 годзе Акадэмія кіраваньня павінна распрацаваць «правілы карпаратыўнай этыкі ў дзяржаўных органах», якія зьмяшчаюць сярод іншага мэханізмы «павышэньня ўзроўню грамадзянскасьці і патрыятызму работнікаў».

Міністэрству інфармацыі, Белтэлерадыёкампаніі і мясцовым органам улады даручылі заняцца «папулярызацыяй прафэсій, найбольш запатрабаваных на рынку працы».

У 2026 годзе Мінпрацы, Мінфін і Мінюст павінны прыдумаць, як удасканаліць кантрактную форму найму «ў мэтах матывацыі работнікаў да працяглых працоўных адносінаў». Мінэканомікі таксама мусіць вызначыць сыстэму мераў, якая прадугледжвае кіраваньне ўнутранымі міграцыйнымі працэсамі «з улікам патрэбаў рэгіёну».

Мінбудархітэктуры, Мінсельгасхарч, аблвыканкамы і «Беларусбанк» павінны «прапрацаваць пытаньні» аб выдачы па-за чаргой ільготных крэдытаў: накіраваным на вёску маладым спэцыялістам — на ўзьвядзеньне або набыцьцё свайго жытла, сельгасарганізацыям — на будаўніцтва або набыцьцё памяшканьняў, якія стануць арэндным жытлом для маладых спэцыялістаў.

Шэраг міністэрстваў — фінансаў, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны — павінны прадумаць мэханізм «зьніжэньня дысбалянсу» ў аплаце працы работнікаў рэальнага сэктару эканомікі і бюджэтных арганізацый: за кошт павелічэньня базавай стаўкі для аплаты працы бюджэтнікаў і «ўдасканаленьня падыходаў да павелічэньня памераў надбаўкі за стаж працы».

МУС і МЗС даручана штогод інфармаваць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой і жадаюць вярнуцца, па пытаньнях вяртаньня. Акрамя таго, плянуецца інфармаваць іншаземцаў аб умовах працы ў Беларусі.

Да «фармаваньня заказу на падрыхтоўку кадраў» плянуюць больш прыцягваць прыватныя арганізацыі.

У 2026 годзе плянуюць вывучыць «сусьветны вопыт прымяненьня інстытута ратацыі» на дзяржаўнай службе і выпрацаваць адпаведныя прапановы па яго ўкараненьні ў Беларусі.

  • У Беларусі апошнім часам назіраецца вялікі недахоп кадраў. У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў на сёньня амаль 145 тысяч абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 12,6 тысячы. Толькі за мінулы тыдзень у базу дадаліся амаль 17 тысяч вакансіяў. Нястача кадраў у Беларусі закранула нават чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG