Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 80 ракет і дронаў. Расея цалкам зьнішчыла найбольшую ТЭЦ у Кіеўскай вобласьці

абноўлена
Расея атакавала энэргетыку ў пяці абласьцях Украіны. Дэталі ракеты, ілюстрацыйнае фота
Расея атакавала энэргетыку ў пяці абласьцях Украіны. Дэталі ракеты, ілюстрацыйнае фота

У Адэскай і Харкаўскай абласьцях ёсьць загінулыя.

Расея ў ноч на 11 красавіка атакавала энэргетычныя аб’екты ў пяці Ўкраіны — Кіеўскай, Львоўскай, Запароскай, Адэскай і Харкаўскай.

Геаграфія расейскай тэрыторыі, якую атакуюць дронамі, таксама павялічылася.

У Адэскай і Харкаўскай абласьцях ёсьць загінулыя

Расейцы пачалі атакаваць Адэскую вобласьць зь вечара 10 красавіка. Як паведамілі абласныя ўлады, у выніку абстрэлу балістычнымі ракетамі пацярпела транспартная інфраструктура, пяць чалавек загінулі, у тым ліку 10-гадовая дзяўчынка, яшчэ 14 атрымалі раненьні. За жыцьцё чацьвярых зь іх цяпер змагаюцца лекары. Уначы расейцы ўдарылі дронамі. Іхныя аскепкі трапілі ў энэргетычны аб’ект і выклікалі пажар.

У Харкаве ад пацэльваньня ракетамі С-300 таксама пацярпеў энэргетычны аб’ект. За содні ў Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў загінулі два чалавекі і чатыры атрымалі раненьні.

Для абстрэлу Львоўскай вобласьці расейскія войскі выкарысталі адначасова бесьпілётнікі і ракеты. У выніку пашкоджаныя газаразьмеркавальная станцыя ў Стрыйскім раёне і электрападстанцыя ў Чырвонаградзкім.

З тактычнай авіяцыі расейцы атакавалі і Запароскую вобласьць. Супрацьпаветранай абароне ўдалося зьнішчыць дзьве ракеты, але іншыя пацэлілі ў энэргетычны аб’ект.

Ад адначасовага абстрэлу ракетамі і дронамі пацярпела і Кіеўская вобласьць. Паветраная трывога працягвалася больш за 5 гадзін. Пашкоджаньні атрымаў аб’ект крытычнай інфраструктуры.

Улады сьцьвярджаюць, што ў Кіеўскай, Запароскай і Львоўскай інфармацыі аб параненых ці загінулых не атрымлівалі.

Паводле нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», пашкоджаньні атрымалі падстанцыі і аб’екты генэрацыі электраэнэргіі. Аднак аварыйныя адключэньні закранулі толькі Харкаўскую вобласьць.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея атакавала 42 ракетамі і 40 ударнымі дронамі. Сродкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьбілі 18 ракет і 39 бесьпілётнікаў.

Пазьней ва Ўкраіне паведамілі, што ў выніку ракетнай атакі расейцы цалкам зьнішчылі Трыпольскую ЦЭС. Гэта была наймагутнейшая цеплаэлектрастанцыя ў Кіеўскай вобласьці, якая забясьпечвала электраэнэргіяй тры вобласьці — Чаркаскую, Жытомірскую і Кіеўскую.

Трыпольская ЦЭС стала трэцяй пасьля Зьмеяўскай ЦЭС у Харкаўскай вобласьці і Вуглягорскай ЦЭС у Данецкай вобласьці, зьнішчаных расейцамі з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіну.

Кіраўніцтва кампаніі – апэратара ЦЭС паведаміла, што супрацоўнікі цеплаэлектрастанцыі не пацярпелі.

У Расеі шэсьць рэгіёнаў пацярпелі ад атакі дронамі

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 11 красавіка перахапілі і зьнішчылі 12 «украінскіх бесьпілётнікаў»: па тры — над Тамбоўскай і Курскай абласьцямі, па два — над Белгарадзкай вобласьцю і Рэспублікай Мардовіі, па адным — над Бранскай і Ліпецкай абласьцямі.

У той жа час расейскія ўлады не ўдакладняюць маштабы наступстваў. Ва ўкраінскіх Telegram-каналах сьцьвярджаюць, што ў Курскай вобласьці пашкоджаньні атрымаў Міхайлаўскі горна-ўзбагачальны камбінат.

Пазьней губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт паведаміў, што камбінат не пацярпеў, але на паркоўцы былі зьнішчаныя прыватныя аўтамабілі супрацоўнікаў камбінату.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG