У ноч на 10 красавіка на Мікалаеўшчыне зьнішчылі 12 ударных дронаў. Ілюстрацыйнае фота
Вакол Запароскай атамнай электрастанцыі, якую дагэтуль кантралюе Расея, застаецца напружаная сытуацыя.
У нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» паведамілі, што ад расейскай атакі ў ноч на 10 красавіка пашкоджаньні атрымаў яшчэ адзін энэргетычны аб’ект, у выніку чаго давялося ўводзіць аварыйныя адключэньні ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях.
«Пашкоджана абсталяваньне на адной з падстанцый „Укренерго“», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што расейскія войскі атакавалі 17 бесьпілётнікамі і трыма ракетамі, у тым ліку — адной балістычнай, запушчанай з акупаванага Крыму.
«Зьбілі 14 „шагедаў“ на Мікалаеўшчыне і Адэшчыне. Апроч таго, каля 20:00 9 красавіка зьнішчылі дзьве кіраваныя ракеты Х-59, якімі вораг атакаваў Адэсу», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Улады Мікалаеўскай і Адэскай вобласьці паведамілі, што ў выніку абстрэлу цывільныя і супрацоўнікі атакаваных аб’ектаў не пацярпелі.
Напружаная сытуацыя застаецца вакол Запароскай атамнай электрастанцыі, якую дагэтуль кантралюе Расея. Там пэрыядычна са строю выходзіць энэргалінія, якая забясьпечвае тэхналягічную дзейнасьць станцыі ва ўмовах адключаных рэактараў.
Расея абвінаваціла Ўкраіну ў атацы АЭС пры дапамозе дронаў. Ва Ўкраіне заявілі, што такім чынам Расея сама стварае дадатковую небясьпеку станцыі. Пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць, хто нясе адказнасьць за пашкоджаньні двух аб’ектаў станцыі — грузавога порту і сталовай — немагчыма.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) 11 красавіка разгледзіць пытаньне бясьпекі на станцыі. Перад гэтым кіраўнік арганізацыі Рафаэль Гросі пацьвердзіў выбух дрона на тэрыторыі Запароскай атамнай электрастанцыі і заклікаў бакі «устрымлівацца ад дзеяньняў, якія супярэчаць пяці прынцыпам МАГАТЭ і парушаюць ядзерную бясьпеку».