Расея ўдарыла па Харкаве дронамі «Шагед». Пашкоджаныя жылыя дамы, ёсьць загінулыя

Наступствы расейскай атакі дронамі па Харкаве
Наступствы расейскай атакі дронамі па Харкаве

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 4 красавіка ўдарылі па Харкаве дронамі «Шагед». У горадзе прагрымела некалькі выбухаў, пашкоджаныя жылыя дамы. Мясцовыя ўлады паведамілі, што ў выніку ўдару загінулі чатыры чалавекі.

Мэр Харкава Ігар Церахаў заявіў, што за ноч Харкаў зазнаў сама меней як 4 масавыя атакі дронаў — як па прыватных, так і шматкватэрных дамах.

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў піша, што ў выніку ўдару расейскіх дронаў «Шагед» у Харкаве загінулі 4 чалавекі, 10 параненыя. Паводле Церахава, сярод загінулых трое — супрацоўнікі выратавальнай службы, «якія прыехалі ліквідоўваць наступствы абстрэлу жылых дамоў».

Сінягубаў удакладніў, што ў адным са шматпавярховых дамоў у выніку ўдараў пашкоджаныя верхнія паверхі, а ў прыватным сэктары зафіксаваныя пашкоджаньні жылой забудовы. Церахаў папярэдзіў пра магчымыя перабоі са сьвятлом. Да гэтага ён расказаў пра тры выбухі, на месцы аднаго зь іх пачаўся пажар.

Паветраныя сілы УСУ паведамляюць, што праз Харкаўскую вобласьць у кірунку Харкава працягвае рухацца група дронаў. У Харкаўскай, Сумскай і Днепрапятроўскай абласьцях аб’явілі паветраную трывогу.

​
XS
SM
MD
LG