Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон сустракаўся з Байдэнам і Шольцам, каб зьмяніць стратэгію Захаду адносна вайны ва Ўкраіне


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў канфідэнцыйную размову з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам і канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам у лютым, каб закласьці аснову для парыскага саміту, які, як ён спадзяваўся, зьменіць стратэгію Захаду адносна вайны ва Ўкраіне, піша The Wall Street Journal.

Паводле афіцыйных асобаў, на якія спасылаецца выданьне, Макрон сказаў кожнаму лідэру, што заходнія саюзьнікі павінны ўхваліць у дачыненьні да Расеі стратэгічную неадназначную пазыцыю, якая «пакіне на стале перамоваў усе ваенныя варыянты».

Гэта ідэя ўяўляла сабой радыкальны адыход ад пазыцыі, якой адміністрацыя Байдэна прытрымлівалася з пачатку вайны. Падыход Вашынгтона быў накіраваны на пазьбяганьне дзеяньняў, якія маглі б справакаваць Маскву і прывесьці да эскаляцыі канфлікту. Макрон, наадварот, заклікаў перастаць афішаваць «чырвоныя лініі» Захаду і «замест гэтага прымусіць Крэмль здагадвацца», піша выданьне.

Паводле заходніх чыноўнікаў, Байдэн падвергнуў сумневу неабходнасьць зьмены стратэгіі, асьцерагаючыся, што гэта можа прывесьці да эскаляцыі. Шольц таксама выступіў супраць гэтай ідэі, заявіўшы, што яна рызыкуе падзяліць саюзьнікаў і зрабіць краіны NATO бокам канфлікту.

Як адзначае WSJ, калі адбыўся лютаўскі саміт, францускі лідэр сутыкнуўся з далейшымі пярэчаньнямі Шольца і іншых, аднак у канцы форуму Макрон ашаламіў саюзьнікаў, заявіўшы, што нельга выключаць ніякіх ваенных варыянтаў, нават перакідваньня эўрапейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

Выданьне піша, што сакрэтна афіцыйныя асобы Францыі падкрэсьлілі, што Макрон не імкнецца адпраўляць войскі ва Ўкраіну для баявых дзеяньняў. Францускія афіцыйныя асобы прапанавалі краінам NATO разгледзець магчымасьць разьмяшчэньня там пэрсаналу для навучаньня войскаў і ачысткі мінных палёў.

Злучаныя Штаты і большасьць эўрапейскіх краін заявілі, што ня маюць намеру пасылаць наземныя войскі ва Ўкраіну.

У Крамлі папярэдзілі, што калі NATO адправіць войскі, дык прамы канфлікт паміж альянсам і Расеяй будзе непазьбежны.

14 сакавіка Эманюэль Макрон зноў паўтарыў сваю пазыцыю аб тым, што нельга выключаць увядзеньне заходніх войскаў ва Ўкраіну.

У пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прэзыдэнт Францыі быў прыхільнікам дыялёгу з прэзыдэнтам Расеі Пуціным, папярэджваючы, што саюзьнікі «не павінны прыніжаць Расею». Аднак за апошні год Макрон пачаў пашыраць межы таго, як далёка Захад гатовы зайсьці ў супрацьстаяньні з Масквой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG