Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі рыторыку Лукашэнкі аб падрыхтоўцы да вайны «шаблённай»


Аляксандар Лукашэнкі на вайсковым палігоне каля мяжы зь Літвойю. 26 сакавіка 2024
Аляксандар Лукашэнкі на вайсковым палігоне каля мяжы зь Літвойю. 26 сакавіка 2024

У Інстытуце вывучэньня вайны зьвярнулі ўвагу і на правядзеньне ў Маскве супольнай калегіі Службы замежнай выведкі Расеі і беларускага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы Аляксандра Лукашэнкі аб падрыхтоўцы да вайны накіраваныя на сымуляцыю канфлікту з Захадам.

«Аляксандар Лукашэнка прадоўжыў шаблённую рыторыку, накіраваную на сымуляцыю канфлікту з Захадам», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 2 красавіка.

Экспэрты ўдакладнілі, што маюць на ўвазе заяву Лукашэнкі аб тым, што Беларусі ня хоча ваяваць, але «рыхтуецца да вайны».

У Інстытуце вывучэньня вайны таксама зьвярнулі ўвагу на правядзеньне ў Маскве супольнай калегіі Службы замежнай выведкі Расеі і беларускага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, на якім кіраўнікі ведамстваў заявілі аб «павышанай адказнасьці расейскіх і беларускіх спэцслужбаў за раскрыцьцё нібыта «варожых плянаў» Захаду ў дачыненьні да Расеі і Беларусі.

2 красавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе свайго наведваньня Горадні выказаўся аб падрыхтоўцы да вайны. Перад гэтым ён заявіў пра Сувальскі калідор, у выніку чаго Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.

«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Як адзначаецца на ягоным сайце, у Беларусі рыхтуюцца адпаведныя падразьдзелы, а войскі атрымліваюць розныя віды ўзбраеньня і тэхнікі.

«Калі адтуль (БелТА ўдакладніла, што вядзецца пра „недружалюбныя“ краіны. — РС) нехта падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім усё правільна. Калі нас там пачнуць хваліць — бяда», — падкрэсьліў Лукашэнка.

«Нам ня трэба камусьці пагражаць. Мы ня хочам чужой зямлі. Нам гэту дай Божа апрацаваць», — дадаў ён.

26 сакавіка праўладны тэлеграм-канал «Пул первого» абнародаваў відэазапіс, на якім Аляксандар Лукашэнка вядзе дыялёг з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Аляксандрам Навуменкам у прысутнасьці іншых вайскоўцаў.

«Каб мы ня ставіліся спрошчана да гэтага, мы мусім ведаць, да чаго яны рыхтуюцца, паколькі яны ўвесь час вякаюць пра гэты Сувальскі калідор. Колькі тут кілямэтраў да Расеі, да Калінінградзкай вобласьці ад нашых межаў?», — запытаў Лукашэнка.

На адказ, што адлегласьць складае 42 кілямэтры, калі наўпрост, і 90 кілямэтраў, калі па мяжы, Лукашэнка заявіў:

«Практычна нічога. Дарма яны так сябе паводзяць. Але ў цяперашні момант табе давядзецца супрацьстаяць балтыйскім рэспублікам. І частку Польшчы ты прыхопліваеш?».

«Там невялікую, паўночную», — сказаў Навуменка.

«Паўночна-ўсходнюю? Сплянавана? Ты ўпэўнены, што гэта па фронце тэрыторыя і ты яе ўтрымаеш сваімі войскамі?» — запытаў Лукашэнка.

29 сакавіка з нагоды гэтых выказваньняў Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.

Саўдзел уладаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG