Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абавязковыя курсы для ўладальнікаў небясьпечных сабак і шэраг забаронаў: што ў законе аб адказным абыходжаньні з жывёламі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трэцяга красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі закон № 361-3 «Аб адказным абыходжаньні з жывёламі». Асноўныя палажэньні закону набываюць моц 1 студзеня 2025 году, частка — з 1 студзеня 2026 году.

Закон накіраваны на абарону жывёлаў ад жорсткага абыходжаньня і забарону прапаганды такога абыходжаньня, замацаваньне адказнасьці ўладальнікаў за жыцьцё і здароўе жывёлаў, а таксама на забесьпячэньне правоў і законных інтарэсаў фізычных і юрыдычных асобаў пры абыходжаньні з жывёламі.

Дзеяньне закону распаўсюджваецца на наступныя катэгорыі жывёлаў:

  • жывёла-кампаньён (хатнія гадаванцы, а таксама сабака-павадыр, паляўнічы сабака і лоўчая птушка),
  • жывёла, якая выкарыстоўваецца ў культурнай дзейнасьці;
  • жывёла, якая выкарыстоўваецца ў сфэры фізычнай культуры і спорту;
  • лябараторная жывёла;
  • службовая жывёла;
  • сельскагаспадарчая жывёла (у частцы недапушчэньня жорсткага абыходжаньня зь ёй);
  • дзікая жывёла, якая знаходзіцца ў няволі.

Згодна з законам, жывёлаў-кампаньёнаў нельга ўтрымліваць у падʼездах, скляпах, на гарышчах і ў іншых дапаможных памяшканьнях жылых дамоў, іх нельга выпускаць з кватэр шматкватэрных жылых дамоў без суправаджэньня ўладальнікаў.

Не дапускаецца прыводзіць жывёлаў-кампаньёнаў (за выключэньнем сабак-павадыроў) у гандлёвыя абʼекты (за выключэньнем зоакрамаў), абʼекты грамадзкага харчаваньня (за выключэньнем нестацыянарных абʼектаў), у абʼекты бытавога і сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, культурнай інфраструктуры, ва ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, фізычнай культуры і спорту, на жывёлагадоўчыя абʼекты, на тэрыторыю фізкультурна-спартовых збудаваньняў і ў іншыя абʼекты, уладальнікі якіх увялі забарону на іх наведваньне зь жывёламі-кампаньёнамі. Пры гэтым удакладняецца, што ўладальнікі крамаў, якія не гандлююць прадуктамі харчаваньня, абʼектаў грамадзкага харчаваньня, абʼектаў бытавога і сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва могуць вызначыць іншы парадак наведваньня іх з жывёламі.

Уладальнікі таксама маюць права чыпаваць жывёлу. На этапе падрыхтоўкі закону меркавалася ўвядзеньне абавязковага чыпаваньня, але ад яго адмовіліся. Абавязковым яно становіцца толькі для заводчыкаў перад адчужэньнем прыплоду.

Законам вызначаныя абавязкі ўладальнікаў жывёлаў. Згодна з законам, уладальнік павінен:

  • забясьпечваць неабходнае лячэньне, вакцынаваньне прыналежнай яму жывёлы і іншыя вэтэрынарныя мерапрыемствы;
  • прымаць меры для недапушчэньня зьяўленьня непажаданага прыплоду (стэрылізацыія\кастрацыя);
  • не дапускаць купаньня жывёлаў у водных аб’ектах паблізу месцаў масавага адпачынку;
  • неадкладна прыбіраць прадукты жыцьцядзейнасьці жывёлы (за выключэньнем сабакі-павадыра);
  • прымаць меры бясьпекі, каб жывёлы не наносілі шкоды жыцьцю і здароўю фізычных асобаў і жывёлаў, маёмасьці фізычных і юрыдычных асобаў, дзяржаўнай маёмасьці; калі жывёла прычыніла камусьці цялесныя пашкоджаньні, яе павінны утрымліваць ізалявана да ўстанаўленьня адсутнасьці заразнай хваробы;
  • уласьнікі сабак, якія патрабуюць асаблівай адказнасьці ўладальнікаў, небясьпечных сабак павінны праходзіць спэцыяльныя курсы з атрыманьнем пасьведчаньня на працягу 3 месяцаў з моманту набыцьця сабакі;
  • у выпадку адмовы ад жывёлы — перадаць яе пункт утрыманьня, прытулак, прадстаўнікам зоаабарончай арганізацыі або іншым асобам, якія могуць забясьпечыць умовы ўтрыманьня такой жывёлы;
  • пры ўтрыманьні жывёл у пунктах утрыманьня, прытулках, гатэлях для жывёл, гадавальніках, у заводчыкаў павінны быць забясьпечаныя належныя ўмовы ўтрыманьня, своечасовае правядзеньне вэтэрынарных мерапрыемстваў, меры па недапушчэньні іх размнажэньня;
  • пры абыходжаньні з жывёламі не парушаць правы і законныя інтарэсы іншых фізычных і юрыдычных асобаў;
  • на патрабаваньне ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў даваць пісьмовыя тлумачэньні па фактах парушэньня патрабаваньняў закону, а прыналежную яму жывёлу — даваць на агляд вэтэрынара, калі ёсьць падазрэньне на захворваньне заразнай хваробай.

Законам забараняецца продаж жывёлаў фізычным асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў, бяз згоды іхных бацькоў, апекуноў або папячыцеляў (выключэньне — тыя, хто набыў дзеяздольнасьць у поўным абʼёме ў выніку эмансыпацыі ці ўступленьня ў шлюб да 18 гадоў). Жывёлаў ня змогуць набыць людзі, якіх прыцягвалі да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасьці паводле артыкулаў за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Акрамя таго, нельга будзе набыць жывёл, уключаных у пералік Мінпрыроды (гаворка пра віды, забароненыя да ўтрыманьня і разьвядзеньня ў жылых дамах, кватэрах і інш.)

Законам прадугледжана часовае абмежаваньне права ўласнасьці і часовае адабраньне жывёлаў у гаспадара ў выпадку парушэньняў.

Дакумэнтам прапісваюцца і патрабаваньні да ўмоваў утрыманьня жывёлаў.

«Месца сталага знаходжаньня жывёлы-кампаньёна павінна быць абсталяванае такім чынам, каб забясьпечыць яму неабходную прастору, тэмпэратурна-вільготны рэжым, натуральную асьветленасьць, паветраабмен, а таксама задавальненьне яго патрэб у ежы, вадзе, адпачынку і іншых фізыялягічных запатрабаваньняў, у тым ліку рухальнай актыўнасьці і адпраўленьня натуральных патрэб», — гаворыцца ў законе.

Таксама ў дакумэнце агаворваюцца абмежаваньні пры абыходжаньні зь лябараторнымі жывёламі, жывёламі ў сфэры культуры і іншымі катэгорыямі жывёлаў.

Савет міністраў будзе вызначаць:

  • пералік жывёл-кампаньёнаў, якія падлягаюць рэгістрацыі, і парадак іх рэгістрацыі;
  • парадак утрыманьня ў хатніх умовах жывёлаў-кампаньёнаў (сабак, катоў);
  • парадак выгулу сабак;
  • пералік парод сабак, якія патрабуюць асаблівай адказнасьці ўладальніка і парадак праходжаньня спэцыяльных курсаў па іх утрыманьні,
  • парадак (у тым ліку тэрміны) утрыманьня жывёлаў у пунктах утрыманьня і прытулках, памер і парадак кампэнсацыі выдаткаў на ўтрыманьне і вэтэрынарныя паслугі ў іх,
  • парадак адлову безнаглядных жывёлаў, памер і парадак кампэнсацыі выдаткаў на адлоў,
  • парадак чыпаваньня жывёлаў,
  • парадак адабраньня жывёлы ва ўладальніка і перадачы ў прытулак або іншым асобам, або часовага абмежаваньні права ўласнасьці на жывёлу,
  • парадак разьвядзеньня (у тым ліку абмежаваньні па колькасьці) жывёлаў-кампаньёнаў (сабак, катоў) заводчыкамі.

Таксама ў законе вызначаны паўнамоцтвы мясцовых саветаў і выканаўчых органаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG