Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве за апошні год колькасьць беларусаў з дазволам на пражываньне павялічылася на траціну


Кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце. Архіўнае фота
Кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце. Архіўнае фота

Яшчэ больш павялічылася колькасьць грамадзян, якія паходзяць з Азіі і працуюць у Літве кіроўцамі ці будаўнікамі.

Кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце заявіла аб аб павелічэньні колькасьці грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на пражываньне ў Літве.

«Іх колькасьць усё яшчэ павялічваецца, але ў апошнія месяцы рост запаволіўся. Гэта зьвязана з больш строгімі праверкамі, якія мы праводзім, а таксама з тым, што працадаўцы пераарыентоўваюцца на іншыя краіны», — сказала Эвеліна Гудзінскайце ў інтэрвію літоўскаму выданьню BNS.

У канцы сакавіка ў Літве зарэгістравана амаль 63 тысячы беларусаў, якія маюць дазвол на пражываньне ў краіне. У параўнаньні з 1 студзеня 2023 году, колькасьць грамадзян Беларусі павялічылася амаль на 29%.

Паводле кіраўніцы Дэпартамэнту міграцыі Літвы, грамадзяне Беларусі займаюць другое месца пасьля ўкраінцаў сярод іншаземцаў. На трэцім месцы — грамадзяне Расеі.

У той жа час працадаўцы Літвы цяпер пераарыентаваліся на набор супрацоўнікаў, якія паходзяць з Сярэдняй Азіі і Індыі.

«Узбэкістан, Кіргістан, Таджыкістан, Азэрбайджан і Казахстан — новыя краіны, зь якіх працадаўцы вязуць працоўную сілу. [...] Большасьць з Узбэкістану», — сказала Эвеліна Гудзінскайце.

Паводле яе зьвестак, на канец сакавіка ў Літве знаходзіцца 9,7 тысячы узбэкаў, у студзені 2023 году іх колькасьць складала 1,8 тысячы.

«Колькасьць узбэкаў у нас павялічылася больш, чым у чатыры разы», — удакладніла кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

Колькасьць грамадзян Кіргістану павялічылася з 2 тысяч у студзені 2023-га да 6,6 тысяч у канцы сакавіку 2024-га, грамадзян Таджыкістану — адпаведна з 1,4 тысячы да 6,3 тысяч, Індыі — 1,2 тысячы да 5,2 тысячы.

Эвеліна Гудзінскайце дадала, што большасьць грамадзян з Цэнтральнай Азіі — нізкакваліфікаваныя рабочыя, якія прыяжджаюць працаваць кіроўцамі і будаўнікамі.

У Літве знаходзяцца больш за 6 тысяч высокакваліфікаваных іншаземцаў, у асноўным — грамадзяне Беларусі і Расеі, якія працуюць інжынэрамі ў кампаніях інфармацыйных тэхналёгій.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG