Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Як і чаму Панцеляймон Панамарэнка падчас вайны спрабаваў стварыць беларускую армію


Фотакаляж. Іосіф Сталін, Панцеляймон Панамарэнка, Яўген Мірановіч.
Фотакаляж. Іосіф Сталін, Панцеляймон Панамарэнка, Яўген Мірановіч.

Ці ведаеце вы, што ў гады Другой сусьветнай вайны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка спрабаваў стварыць беларускую армію? Пра тое, ці ўдалося яму гэта, а таксама пра шмат што яшчэ мы пагаворым зь беларуска-польскім гісторыкам зь Беластоку прафэсарам Яўгенам Мірановічам, аўтарам дзьвюх кніг пра акупацыю Беларусі — «Вайна ўсіх з усімі» і «Трэці фронт».

0:00 — ці быў Панамарэнка сытуацыйным беларускім нацыяналістам?

11:03 — чаму Панамарэнку не ўдалося стварыць беларускую савецкую армію нават пры падтрымцы Сталіна. Што перашкодзіла?

21:30 — чым карціна вайны ў кнігах Яўгена Мірановча адрозьніваецца ад карціны вайны, створанай савецкай прапагандай?

25:06 — як можна апісаць вынікі вайны і акупацыі для Беларусі і беларусаў? Што Беларусь страціла і што набыла?

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Яўгенам Мірановічам:

— Ваша кніга «Вайна ўсіх з усімі» мае разьдзел, прысьвечаны дзейнасьці першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі і ягоным спробам абаперціся на беларускі патрыятызм і беларускую культуру для мабілізацыі беларусаў супраць немцаў. Некалі ў інтэрвію Радыё Свабода вы сказалі, што менавіта Панамарэнка, а ня Сталін, быў ініцыятарам патрыятычнага ўздыму сярод беларусаў і тагачаснага нацыянальнага наратыву прапаганды. Атрымліваецца, што Панамарэнка быў сытуацыйным беларускім нацыяналістам? Ці можна сьцьвярджаць, што беларусы на пачатку 1940-х гадоў не былі яшчэ так моцна русыфікаваныя, і ў патрыятызьме прагматык Панамарэнка бачыў вялікі патэнцыял?

— Добра вы сказалі, што менавіта «сытуацыйны» патрыёт Беларусі. Ён па нацыянальнасьці быў украінцам, так што патрыётам Беларусі напэўна ня быў. Але пры канцы 1941 году сытуацыя склалася такая, што савецкая армія вельмі хутка кацілася на ўсход, і ў сьнежні была ўжо фактычна пад Масквой.

І ў той час савецкае кіраўніцтва заклікала нешта рабіць, каб стрымаць нямецкі паход на Маскву. Трэба было мабілізаваць сілы супраціву ўсімі магчымымі спосабамі. Бо тыя спосабы, што прымяняліся летам і восеньню 1941 году, ня дзейнічалі. Гэта былі заклікі да савецкага патрыятызму. Усіх жыхароў Беларусі заклікалі браць у рукі што толькі можна, любую зброю, у тым ліку косы і сякеры, і ісьці змагацца зь нямецкімі акупантамі. Гэта не спрацавала.

Так што той патрыятызм, да якога заклікалі савецкія ўлады, проста ня дзейнічаў. Таму Панцеляймон Панамарэнка выступіў з такой прапановай, каб пачаць мабілізацыю беларусаў пры дапамозе патрыятычных лёзунгаў.

Мне здаецца, што ён прыйшоў да такой высновы сам. Відаць, ён меў інфармацыю, што ў акупаванай Беларусі рабілі немцы. Яны апэлявалі да нацыянальнага пачуцьця беларусаў, каб мабілізаваць іх супраць камуністычнага падпольля.

Сам Панамарэнка пастараўся зарыентавацца, як гэта будзе ўспрынятае ў савецкім кіраўніцтве. І праз Калініна, які быў адным з тых, хто адказваў за абарону, атрымаў інфармацыю, што кожны спосаб, які можа быць прыменены для таго, каб дапамагчы стрымаць нямецкія арміі, будзе ўхвалены Сталіным. Фактычна ён атрымаў такі адказ: рабіце што хочаце, толькі каб гэта спрыяла спыненьню нямецкага паходу на Маскву.

Калі Панамарэнка пераканаўся, што выстаўленьне нацыянальных лёзунгаў і спроба абуджэньня нацыянальнага пачуцьця ня будзе злачынствам, то напісаў іншым кіраўнікам БССР, у тым ліку старшыні Савету міністраў і кіраўніку Вярхоўнага Савету, дырэктыву аб тым, што партыйныя, выканаўчыя і заканадаўчыя органы павінны рабіць, каб прыцягнуць беларусаў да савецкай улады. Уся адміністрацыя БССР была ўжо ў Маскве ў выніку эвакуацыі. Таксама зь Беларусі было вывезена 700–800 тысяч чалавек.

Дык вось Панамарэнка загадаў праводзіць усю агітацыю і прапаганду сярод тых людзей, што апынуліся на тэрыторыі Расеі, а таксама і сярод тых, хто апынуўся пад акупацыяй, выключна на беларускай мове.

Панамарэнка загадаў як найхутчэй стварыць рэдакцыю беларускага радыё, якая будзе вяшчаць па-беларуску. Таксама ён загадаў, каб уся друкаваная прадукцыя выдавалася на беларускай мове.

Для гэтага ён прапанаваў сабраць усе наяўныя інтэлектуальныя беларускія сілы, у тым ліку Янку Купалу і Якуба Коласа, сьпявачку Ларысу Александроўскую, і выкарыстоўваць іх у першую чаргу, як найбольш вядомых, а таксама трэба было сабраць наогул усіх творчых людзей, якія валодалі беларускай мовай.

Наступным крокам Панамарэнкі быў зварот да савецкага кіраўніцтва, каб яно паспрыяла прапагандзе і распаўсюджваньню інфармацыі пра дзейнасьць беларускіх навуковых і культурных установаў. У часе акупацыі вучоныя з Акадэміі навук Беларусі знаходзіліся тады ў Маскве. У канцы 1941 году пачынаецца эвакуацыя беларускай Акадэміі навук у Казань. Панамарэнка дамагаецца, каб навукоўцы прадставілі праграмы таго, чым яны будуць займацца ў 1942 годзе, і загад яго быў просты — усе павінны былі працаваць на беларускай мове.

Падчас стварэньня рэдакцыі беларускага радыё высьветлілася, што вельмі мала ёсьць людзей, якія гавораць на літаратурнай беларускай мове. Тое самае было і пры камплектацыі рэдакцыяў беларускіх часопісаў. Гэта было вынікам рэпрэсій 1930-х гадоў, якія былі накіраваныя на вынішчэньне беларускіх элітаў, якія ў вайну маглі б спрычыніцца да папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

Ну, але, тым ня менш, установы ўзьнікаюць, і праца пачынае весьціся.

І тут яшчэ адзін цікавы аспэкт. Панамарэнка праз памочнікаў Сталіна, у тым ліку праз Малянкова, спрабуе паўплываць на савецкае кіраўніцтва. Ён пытаецца, чаму ў савецкай цэнтральнай прэсе шмат інфармацыі пра Ўкраіну, але няма нічога пра Беларусь, або інфармацыя пра яе зьяўляецца вельмі рэдка.

Так што лідэр беларускіх камуністаў паставіў сябе ў пазыцыю лідэра беларускай нацыі. Ён стараўся, каб беларускія праблемы былі заўважаныя савецкім кіраўніцтвам. Пры гэтым сам ён непасрэдна ніколі не зьвяртаўся да Сталіна. Часьцей за ўсё ён рабіў гэта праз Георгія Малянкова. Я думаю, ён асьцярожнічаў. Але ад Малянкова ён атрымліваў толькі станоўчыя адказы, той яму казаў не баяцца і дзейнічаць далей.

Дарэчы, пры падтрымцы Малянкова Панамарэнка ў жніўні 1942 году стаў кіраўніком Цэнтральнага штабу партызанскага руху ўсяго Савецкага Саюзу. І ад таго часу ягоныя прапановы сталі яшчэ больш радыкальнымі.

— Таксама вы пішаце, што Панамарэнка нават спрабаваў стварыць беларускую савецкую армію. Чаму гэтага зрабіць не ўдалося? Хто ці што перашкодзіла?

— Так, Панамарэнка адпаведны дакумэнт пераслаў праз Малянкова. Паводле гэтага дакумэнту новая структура павінна была так і называцца: Беларуская нацыянальная армія. Ён пісаў, што з мабілізацыяй не павінна быць праблемы, што ў шэрагах Чырвонай арміі ў той час павінна было быць ня менш за 800 000 беларусаў. Панамарэнка лічыў, што з гэтай колькасьці 100 000 можна ўзяць і назваць іх Беларускай нацыянальнай арміяй.

У тым мэмарыяле ён нават перабольшваў, калі пісаў, што ёсьць 39 генэралаў-беларусаў. Насамрэч у Чырвонай арміі было дзевяць генэралаў-беларусаў. Але і гэтага было б дастаткова, каб стварыць армію.

Панамарэнка пісаў у тым мэмарыяле, што беларуская нацыянальная сьвядомасьць ва ўмовах нямецкай акупацыі сасьпела настолькі, што беларусы проста чакаюць фармальнай нагоды, каб пачаць пад нацыянальнымі лёзунгамі помсьціць за тыя злачынствы, якія немцы ўчынілі на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Таксама Панамарэнка пераконваў, што ў Беларусі ёсьць некалькі дзясяткаў тысяч падпольшчыкаў і партызанаў, частку якіх можна перавесьці празь лінію фронту і залічыць у шэрагі Беларускай нацыянальнай арміі.

Гэта павінна было выклікаць сярод беларусаў псыхалягічны ўздым, які б актываваў змаганьне зь немцамі.

На зьдзіўленьне, відаць, самога Панамарэнкі ад Сталіна прыйшоў адказ: «Абсалютна згодны з гэтым. Можа, не адну, а дзьве арміі, прыблізна сем дывізій пяхоты, дзьве танкавыя брыгады, адзін полк артылерыі...» Сталін нават не аспрэчыў прапанаванай Панамарэнкам назвы.

Сталін прапанаваў, каб да 10 лістапада 1942 году гэтыя беларускія фармаваньні былі гатовыя да бою.

Але ўзьнікла простая праблема. З Чырвонай арміі нельга было забіраць салдат.

Тады Панамарэнка выступіў зь іншай прапановай. Зь Беларусі было вывезена ў эвакуацыю прыблізна 700–800 тысяч чалавек. Таму ён прапанаваў паглядзець, колькі сярод эвакуаваных ёсьць мужчын ва ўзросьце ад 19 да 50 гадоў. Атрымалася, што такіх каля 135 000. Але нацыянальны склад гэтых людзей не адпавядаў патрэбам арміі, якая б называлася нацыянальнай беларускай. А менавіта, 54% людзей, якія выехалі зь Беларусі, гэта былі габрэі. Цяжка было з габрэяў рабіць Беларускую нацыянальную армію. Таксама з тых, хто быў вывезены на ўсход, шмат хто ўжо служыў у партыйным і дзяржаўным апараце, у органах НКВД і міліцыі. З гэтых структураў таксама цяжка было браць людзей на фронт у беларускую армію.

Дыскусія працягвалася, час на фронце быў гарачы, немцы наблізіліся да Волгі і да Каўказу, але рэглямэнт (статут) беларускай арміі ўсё ж быў створаны. Армія была перайменаваная зь Беларускай нацыянальнай у Беларускую спэцыяльную. І ў рэглямэнце гэтай спэцыяльнай арміі было ўсё тое ж самае, што і ў Чырвонай арміі. Адзіная спэцыфіка беларускага характару палягала ў тым, што там было дададзена, што беларус ніколі не здаецца ў палон, што беларус выконвае ўсе загады сваіх камандзіраў і г. д.

Далей пачалі працаваць над кадравай канцэпцыяй. Вырашылі, што ў гэтую армію будуць уключаныя 6000 расейскіх афіцэраў і некалькі тысяч функцыянэраў НКВД. Гэта паказвае на тое, што беларусам не давяралі. Ну, і меркавалася, што з-за лініі фронту будзе прыведзена некалькі тысяч чалавек.

У сувязі з гэтымі зьменамі ў складзе гэтай не нацыянальнай, але ўжо спэцыяльнай беларускай арміі была б толькі палова беларусаў. Іншая палова была б шматнацыянальнаю.

Але ўрэшце спахапіліся, што нават у складзе гэтай арміі былі б узброеныя беларусы, якія былі ахвярамі гаспадарчых, сацыяльных і палітычных экспэрымэнтаў 1930-х гадоў.

Але і гэта быў яшчэ не канец дыскусій пра беларускую армію. Яны ішлі далей. Паводле стану на 10 лістапада 1942 году рэальных дзеяньняў да стварэньня вайсковых беларускіх фармаваньняў зроблена не было. Ну, і так дачакаліся да сьнежня 1942 году — пачатку 1943-га, калі дыскусіі пра беларускую армію скончыліся. З пункту гледжаньня Сталіна, пасьля Сталінграду ўжо не было сэнсу ствараць нейкія беларускія фармаваньні.

І хутка пасьля гэтага зарыентаваліся і зьмянілі рыторыку прапаганды ў СССР. Прапаганда грунтавалася не на савецкіх каштоўнасьцях, але на расейскіх. Пачалі згадваць пра сярэднявечных князёў накшталт Аляксандра Неўскага і Дзьмітрыя Данскога, палкаводцаў Расейкай імпэрыі, такіх як Сувораў і Кутузаў. Нават імпэратары расейскія сталі самымі выдатнымі пэрсонамі, хоць да нападу немцаў пра іх пісалі як пра галоўных ворагаў работнікаў і сялян. З канца 1942 году пачалі пісаць, што толькі расейскі народ мог і можа адбіваць тыя пагрозы, якія прыходзяць на «рускую» зямлю.

Магчыма, адной з прычын няўдачы праекту стварэньня беларускай нацыянальнай арміі было тое, што некаторыя са створаных нацыянальных фармаваньняў народаў Каўказу пераходзілі на бок немцаў. Таму сярод сталінскага кіраўніцтва запанавала думка, што мабілізаваць народ на супраціў можна, падтрымліваючы нацыянальны расейскі дух і аб’ядноўваючы ўсіх вакол расейскай нацыянальнай ідэі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Як Панамарэнка падчас вайны хацеў стварыць беларускую армію
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:33:13 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG