Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвая Карэя ўвяла санкцыі супраць расейскіх кампаній за супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй


Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін
Кім Чэн Ын і Ўладзімір Пуцін

Сэул увёў санкцыі супраць дзьвюх фізычных і дзьвюх юрыдычных асоб з Расеі.

Паводле інфармацыі Паўднёвай Карэі, расейскія кампаніі супрацоўнічаюць з КНДР, паведамляе Yonhap са спасылкай на МЗС краіны.

У санкцыйны сьпіс, сфармаваны паўднёвакарэйскім урадам, трапілі кампаніі «Интеллект» і «Содействие», а таксама іх прадстаўнікі Сяргей Казлоў і Аляксандар Памфілаў.

Гэтыя кампаніі, на думку Сэулу, маюць дачыненьне да «фінансаваньня ядзерных і ракетных распрацовак» Пхэньяну, а таксама прыцягваюць паўночнакарэйскіх спэцыялістаў для працы ў Расеі.

Згодна з дакладам Камітэту ў санкцыях Рады Бясьпекі ААН супраць Паўночнай Карэі, апублікаваным у канцы мінулага месяца, агулам ёсьць каля 250 судовых пратаколаў, якія паказваюць, што расейскія працадаўцы незаконна наймалі паўночнакарэйскіх рабочых за апошнія два гады. Як мінімум у чатырох з гэтых выпадкаў паўночнакарэйскім рабочым выдавалі дазволы на працу.

Таксама пад абмежаваньне трапілі два расейскія судны Lady R і Angara, якія, паводле зьвестак МЗС, перавозілі вайсковыя грузы паміж Расеяй і Паўночнай Карэяй.

Санкцыі Рады Бясьпекі ААН забараняюць пастаўкі Паўночнай Карэі зброі і зьвязаных зь ёй матэрыяльных сродкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG