Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаны Расеяй чыноўнік загінуў пры выбуху аўтамабіля ў Луганску


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У акупаваным Расеяй горадзе Старабельску Луганскай вобласьці Ўкраіны сёньня быў узарваны аўтамабіль, у якім знаходзіўся прызначаны Расеяй чыноўнік.

Валерый Чайка займаў пасаду намесьніка кіраўніка раённага Цэнтру абслугоўваньня адукацыйных арганізацый. Ён загінуў на месцы.

У расейскім Сьледчым камітэце паведамілі, што распачалі крымінальную справу па факце падрыву машыны і гібелі чалавека.

Прызначаны Расеяй кіраўнік Старабельску Ўладзімір Чэрнеў у сваім тэлеграм-канале заявіў, што Чайка «стаяў ля вытокаў станаўленьня Старабельску пасьля вызваленьня ад украінскіх бандфармаваньняў».

Украінскі друк, паведамляючы аб выбуху, называе Чайку калябарантам. У 2010 годзе ён выбіраўся дэпутатам Старабельскага гарадзкога савету ад «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча. У 2022 годзе, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў у Луганскую вобласьць, перайшоў на іх бок і быў прызначаны расейскай адміністрацыяй дарадцам кіраўніка Старабельскага раёна рэгіёну.

Летась СБУ распачала супраць яго крымінальную справу па факце калябарацыйнай дзейнасьці. Абвінаваўчы акт у дачыненьні да Чайкі быў накіраваны ў суд, паведамляе «РБК-Украіна». Па гэтым абвінавачваньні яму пагражала да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ва ўкраінскіх рэгіёнах, акупаваных расейскімі войскамі, пэрыядычна адбываюцца замахі на прадстаўнікоў прызначаных Расеяй адміністрацый. Шостага сакавіка ў Бярдзянску Запароскай вобласьці быў падарваны аўтамабіль сябра ўчастковай выбарчай камісіі. Уладальніца машыны загінула.

  • 6 сьнежня летась у Луганску быў узарваны аўтамабіль дэпутата падкантрольнай расейскім уладам «Народнай рады Луганскай народнай рэспублікі» Алега Папова, ён загінуў.
  • 8 лістапада ад выбуху загінуў дэпутат рэгіянальнага парлямэнту ў анэксаваным Луганску, былы кіраўнік узброеных сілаў прарасейскіх сэпаратыстаў Данбасу Міхаіл Філіпаненка.
  • Забойства некамбатанта можа расцэньвацца як ваеннае злачынства. Расейскія ўлады абвінавачваюць у замахах украінскія спэцслужбы. Тыя адкрыта на сябе адказнасьць, часьцей за ўсё, не бяруць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG