Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяскоў заявіў, што Данецкая, Луганская, Запароская і Херсонская вобласьці «дэ-факта акупаваныя» Ўкраінай, і Расея «ў стане вайны»


Дзьмітрый Пяскоў. Архіўнае фота.
Дзьмітрый Пяскоў. Архіўнае фота.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «чатыры новыя суб’екты» РФ «дэ-факта акупаваныя» Ўкраінай. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію газэце «Аргументы и факты», якое выйшла 22 сакавіка.

Гаворка ідзе пра Данецкую, Луганскую, Запароскую і Херсонскую вобласьці Ўкраіны, частку тэрыторый якіх акупавалі расейскія войскі. У 2022 годзе Расея абвясьціла аб анэксіі гэтых абласьцей. Пры гэтым Масква не кантралюе поўнасьцю тэрыторыю ніводнай зь іх. Пяскоў у інтэрвію ня стаў паглыбляцца ў дэталі таго, хто менавіта пачаў ваенны канфлікт ва Ўкраіне і якім чынам былі акупаваныя чатыры рэгіёны.

«У нас зьявіліся чатыры новыя субʼекты фэдэрацыі. І для нас галоўнае — засьцерагчы людзей у гэтых субʼектах і вызваліць тэрыторыю гэтых субʼектаў, якая ў цяперашні момант зьяўляецца дэ-факта акупаванай кіеўскім рэжымам», — даслоўна заявіў Пяскоў.

Кіеў і краіны Захаду не прызнаюць чатыры ўкраінскія рэгіёны расейскімі, як і анэксаваны Расеяй у 2014 годзе Крым. На тэрыторыі чатырох абласьцей Украіны ідуць баявыя дзеяньні.

Пяскоў таксама прызнаў, што Расея знаходзіцца «ў стане вайны». Раней расейскія ўлады імкнуліся не ўжываць гэтага слова і замянялі яго выразам «спэцыяльная ваенная апэрацыя» (СВА). Яны таксама перасьледавалі антываенных актывістаў, якія казалі, што Расея вядзе ва Ўкраіне менавіта вайну.

Па словах прэс-сакратара Пуціна, Расея ня можа дапусьціць існаваньня на сваіх межах дзяржавы, якая мае намер адабраць у яе Крым і «тэрыторыі новых рэгіёнаў». «Мы знаходзімся ў стане вайны. Так, гэта пачыналася як спэцыяльная ваенная апэрацыя, але як толькі там утварылася гэтая кампашка, калі калектыўны Захад стаў удзельнікам гэтага на баку Ўкраіны, для нас гэта ўжо стала вайной», — сказаў ён. Пазьней ён удакладніў, што гэта не зьвязана зь нейкімі юрыдычнымі зьменамі, для Расеі гэта па-ранейшаму «спэцыяльная ваенная апэрацыя».

Украіна пакуль не камэнтавала заяву Пяскова.

  • У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе яе «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
  • У верасьні 2022 году на акупаваных Расеяй тэрыторыях чатырох украінскіх абласьцей прайшлі псэўдарэфэрэндумы. Па выніках так званага галасаваньня акупацыйныя ўлады захопленых украінскіх рэгіёнаў зьвярнуліся да Пуціна з заклікам уключыць гэтыя тэрыторыі ў склад Расеі. Пуцін затым падпісаў дамовы аб прыняцьці іх у склад РФ. Многія краіны сьвету заявілі, што не прызнаюць анэксіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG