Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Insider, CBS і Spiegel расказалі аб магчымай сувязі ГРУ і «гаванскага сындрому» ў амэрыканскіх дыпляматаў


Месца атручэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Архіўнае фота
Месца атручэньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Архіўнае фота

Супрацоўнікі ГРУ маглі выклікаць «гаванскі сындром» у амэрыканскіх і канадзкіх дыпляматаў і суупрацоўнікаў спэцслужбаў, лічаць аўтары сумеснага расьсьледавання The Insider, перадачы 60 Minutes амэрыканскага канала CBS News і нямецкага выданьня Der Spiegel.

«Гаванскі сындром» — неафіцыйная хвароба, для якой характэрныя галавакружэньне, млосьць, галаўны боль і праблемы са слыхам і каардынацыяй. З 2014 года такія сымптомы назіраюцца ў супрацоўнікаў пасольстваў ЗША і Канады ў розных краінах.

Расьсьледавалі высьветлілі, што сымптомы «гаванскага сындрому» назіраліся ў замежных дыпляматаў у тыя ж пэрыяды і ў тых жа месцах, куды прыяжджалі супрацоўнікі воінскай часткі 29155 ГРУ. Менавіта гэтае падразьдзяленьне зьвязваюць з з атручэньнем «Навічком» Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Вялікай Брытаніі, а таксама бізнэсоўцаа Емяльяна Гебрэва ў Баўгарыі.

Аб гэтай сувязі кажуць дадзеныя пералётаў супрацоўнікаў ГРУ, якія з 2014 году апынаюцца ў тых жа месцах, дзе фіксуюць выпадкі «гаванскага сындрому». Па дадзеных расьсьледнікаў, у лістападзе 2014 года ахвярай «гаванскага сындрому» стаў супрацоўнік амэрыканскага консульства ў Франкфурце, які пазнаў у адным зь верагодных нападнікаў меркаванага супрацоўніка ГРУ Ягора Гардзіенку.

Яшчэ адзін інцыдэнт адбыўся ў 2017 годзе ў Кітаі — у аднаго з супрацоўнікаў амэрыканскага консульства, адказнага за захоўваньне сакрэтнай інфармацыі, лекары зафіксавалі «невядомае ўзьдзеяньне навакольнага асяродзьдзя, якое выклікала чэрапна-мазгавую траўму». Расьсьледавалі зазначаюць, што інфармацыя аб кітайскіх інцыдэнтах у іх няпоўная.

Падобны выпадак здарыўся з жонкай амэрыканскага дыплямата ў 2021 годзе ў Тбілісі. Незадоўга да прыступу жанчына заўважыла з акна свайго дома мужчыну, у якім пазнала Альберта Авяр’янава, сына камандзіра часткі Андрэя Авярʼянава. Таксама расьсьледнікі расказваюць аб верагодных інцыдэнтах у 2021 годзе ў Бялградзе і Ханоі.

Журналісты адзначаюць, што ад атак, якія людзі перажылі, яны не атрымалі належнай дапамогі, — іхныя скаргі сьпісалі на псыхічны разлад.

Акрамя апісаных выпадкаў, расьсьледнікі паведамілі, што намесьнік камандзіра часткі 29155 ГРУ Іван Цярэнцьеў атрымаў дзяржаўны заказ на вывучэньне «патэнцыйных магчымасьцяў несьмяротнай акустычнай зброі пры ваенных (баявых) дзеяньнях у горадзе».

Аўтары расьсьледаваньня адзначаюць, што прамых доказаў на карысьць датычнасьці ГРУ да выкарыстаньня «акустычнай зброі» няма, аднак зараз «амэрыканскія ўлады могуць пераасэнсаваць сваё стаўленьне да «гаванскага сындрому».

Што адказалі ў Крамлі

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў абверг тэзісы дасьледаваньня:

«Вы ведаеце, што гэта зусім не новая тэма. Шмат гадоў тэма так званага гаванскага сындрому мусіруецца ў прэсе. Прычым часьцей за ўсё з самага пачатку яна была неяк увязаная з абвінавачаньнямі расейскага боку ў гэтым, але ні разу ніхто хоць колькі-небудзь пераканаўчых пацьверджаньняў гэтым галаслоўным абвінавачаньням нідзе не публікаваў і не выказваў», — сказаў ён, перадае ТАСС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG