Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павышэньне пэнсій апынулася пад пагрозай, — экспэрт BEROC


Беларускі рубель
Беларускі рубель

Павелічэньне колькасьці занятых за адзін месяц не азначае, што адмоўная тэндэнцыя на рынку працы пераломленая.

Пра гэта заявіла «Позірку» экспэртка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна, камэнтуючы апошнія зьвесткі Белстату. Калі прааналізаваць лічбы аб занятасьці насельніцтва за 2023-ы ў параўнаньні з 2022 годам, то можна заўважыць, што ўсе паказьнікі ў гадавым вымярэньні зьнізіліся.

«Нейкія чыньнікі, хутчэй за ўсё сэзоннага характару, павышалі занятасьць у сакавіку і жніўні 2023 году ў адносінах да папярэдняга месяца, але гэта не зьяўлялася доўгачасовым трэндам», — сказала экспэртка. Паводле яе слоў, назіралася «прасяданьне» працоўнай сілы ў большасьці сэктараў эканомікі. У прыватнасьці, «адчувальнае зьніжэньне было зафіксавана ў будаўніцтве, транспартнай галіне, гуртавым гандлі, сфэры інфармацыі і сувязі», скарачэньне работнікаў «складала ня сотні, а тысячы».

Напрыклад, у сфэры транспарту і лягістыкі колькасьць работнікаў зьменшылася з 281,9 да 274,4 тыс., сельскай гаспадарцы — з 362 да 350,1 тыс., будаўніцтве — з 253,9 да 245,5 тыс., гуртавым і раздробным гандлі — з 600,6 да 593,3 тыс., грамадзкім харчаваньні — з 72,8 да 69,5 тыс., сфэры інфармацыі і сувязі — са 137,9 да 122,7 тыс., у адукацыі — з 436,8 да 431,7 тыс.

Пры гэтым, падкрэсьліла прадстаўніца BEROC, неабходна ўлічваць спэцыфіку той ці іншай галіны: зьніжэньне колькасьці занятых не заўсёды азначае ўзьнікненьне іх недахопу. «Возьмем, да прыкладу, IT-сфэру. Тут ня тое каб не хапала работнікаў. Проста галіна па годзе паказала спад. Такая ж сытуацыя была ў галіне транспарту», — патлумачыла экспэртка.

Абавязковае разьмеркаваньне будзе ўплываць на рынак працы

Што тычыцца абавязковага разьмеркаваньня, якое Лукашэнка плянаваў увесьці на пяць гадоў, але затым міністар адукацыі заявіў, што зьменаў ня будзе, тут Лузгіна мяркуе, што захаваньне статус-кво таксама будзе ўплываць на рынак працы.

«Мне падаецца, што маладыя людзі, бачачы гэтую сыстэму адпрацоўкі, будуць выбіраць для атрыманьня адукацыі ВНУ бліжэйшых краін, дзе ім не пагражае разьмеркаваньне. А тым больш калі маладым хлопцам яшчэ і войска „сьвеціць“. Зразумела, для іх лепш будзе атрымаць адукацыю не ў Беларусі. І, зразумела, добрую, высокааплатную працу. Усё павінна рэгулявацца рынкам: трэба ствараць умовы, каб маладыя спэцыялісты з задавальненьнем прыяжджалі і заставаліся „на месцах“, а не пры першай жа магчымасьці спрабавалі зьбегчы».

Павышэньне пэнсій пад пагрозай

Чалавечы рэсурс — неад’емная частка эканамічнага працэсу, а Беларусь губляе працоўную сілу ня першы год, адзначыла Лузгіна.

«Калі гэтага рэсурсу становіцца менш, калі ён у дэфіцыце, як у Беларусі, то ўзьнікаюць праблемы і ў сфэры вытворчасьці, і ў сфэры паслуг. У выніку гэта абмяжоўвае магчымасьці росту таго ж ВУП», — канстатавала экспэртка.

Яна прывяла афіцыйную статыстыку, згодна зь якой на канец 2021 году было 92 тыс. вакансій на рынку працы, 2022-га — 95 тыс., 2023-га — амаль 135 тыс.

Паводле слоў Лузгіной, ня варта забываць, што сёньняшнія работнікі забясьпечваюць пэнсіянэраў. «Калі работнікаў становіцца менш, зьніжаецца аб’ём адлічэньняў у ФСАН, які і так дэфіцытны. Цяпер дзяржава пераразьмяркоўвае рэсурсы і закрывае гэты мінус. Калі праблема захаваецца, гэта значна паменшыць магчымасьці павышэньня пэнсій у намінальным выражэньні і захаваньня іх суадносін да сярэдняй заработнай платы на ўзроўні 40%».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG