Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам проста надакучыў нэгатыў з усіх бакоў». Аўтары флэшмобу «This is Belarus» расказалі, у чым яго ідэя і як ён ствараўся


Каляж
Каляж

«Пакажы сваю часьцінку Беларусі». У гэтым флэшмобе ўзялі ўдзел ужо каля 100 тысяч беларусаў. Расказваем, хто яго запусьціў і навошта.

У Instagram сярод беларусаў завірусіўся флэшмоб «This is Belarus. Пакажы сваю часьцінку Беларусі». Выглядае ён як шаблён у сторыз, дзе кожны можа выкласьці сваё фота ці відэа. У асноўным людзі посьцяць помнікі архітэктуры, краявіды ці сваю сям’ю. У флэшмобе ўзялі ўдзел каля 100 тысяч беларусаў, як унутры Беларусі, так і за мяжой. Паўдзельнічалі акаўнты прапагандыстаў, Лукашэнкі, апазыцыйныя палітыкі.

Свабода пагаварыла з аўтарамі гэтай ідэі (пацьверджаньне аўтарства ёсьць у рэдакцыі). Гэта некалькі людзей, усе яны знаходзяцца ў Беларусі, таму імёны не агучваюцца ў мэтах бясьпекі.

«Хацелася зрабіць такі пазытыўны і яднальны чэлендж, бо вакол шмат нэгатыву і хэйту. Мы шукалі нешта агульнае, што б магло аб’яднаць усіх, незалежна ад іх поглядаў. Раней мы спрабавалі іншую фармулёўку, і яна не надта пайшла. Вырашылі, што Беларусь дакладна ўсіх аб’ядноўвае», — падзяліўся адзін з аўтараў ідэі.

Сьпярша да флэшмобу падключаліся простыя карыстальнікі, пасьля ідэю падхапілі камэрцыйныя брэнды і блогеры. Дайшло да палітыкаў і СМІ.

«На агульным фоне палітызацыі там — мізэр. Калі пачалі ставіць дзяржаўныя акаўнты, думалі, што будзе шмат сьцягоў, а насамрэч не. Людзі разумеюць, што гэта не пра палітыку, а пра агульныя каштоўнасьці. Большасьць посьцяць краявіды, помнікі, сям’ю, падарожжы. Зараз пад 100 тысяч удзельнікаў ужо. Мы чакалі, што будзе тысяча ці пару тысяч максымум», — кажа ініцыятар флэшмобу.

Аўтарства флэшмобу ніяк не пазначана — на стыкеры няма ні брэнду, ні лога. Таму людзі ахвотна далучыліся да яго, мяркуюць аўтары.

«Гэта не рэклама нейкага каналу ці аўтара, таму людзі так ахвотна далучыліся. Мэты мы дасягнулі: аказалася, што ідэя Беларусі можа аб’яднаць людзей абсалютна розных поглядаў. Беларусы па ўсім сьвеце удзельнічаюць у гэтым, беларусы ў Беларусі, нават розных поглядаў, таксама. Гэта нешта базавае, і людзі сапраўды хочуць падзяліцца часьцінкай сваёй душы, незалежна ад пазыцыі ці поглядаў», — мяркуюць аўтары.

Ужо некалькі акаўнтаў паведамілі, што гэта яны аўтары ідэі. Сапраўдных аўтараў гэта не засмучае.

«Няхай будзе, чэлендж ананімны. І таму гэта абсалютна ня важна. Нам проста надакучыў нэгатыў з усіх бакоў і захацелася знайсьці нешта пазытыўнае, што яднала б і падняло настрой. Тым больш цяпер вясна, сонейка, і гэта якраз добра кладзецца на настрой», — кажа адзін з аўтараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG