Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Ігару Карнею прысудзілі 3 гады калёніі і штраф 20 тысяч рублёў


Ігар Карней. Архіўнае фота
Ігар Карней. Архіўнае фота

Журналіста Ігара Карнея абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).

У Менскім гарадзкім судзе 22 сакавіка скончыўся разгляд крымінальнай справы 56-гадовага журналіста Ігара Карнея.

Карнея абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» паводле ч. 3 арт. 361-1 КК.

Газэта адміністрацыі Лукашэнкі «Беларусь сегодня» раней паведаміла, што Ігара Карнея судзілі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Кацар. Ён прысудзіў Карнею 3 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысяч рублёў.

Ігар Карней у судзе
Ігар Карней у судзе

Ігар Карней — былы карэспандэнт Радыё Свабода, больш за 20 гадоў асьвятляў на нашых радыёхвалях і вэб-сайце жыцьцё і падзеі ў Беларусі.

Сярод іншага Ігар вядомы як аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі і трэвэл-блогер.

Паводле БАЖ, у зьняволеньні ў Беларусі цяпер 34 прадстаўнікі мэдыя.

У першы дзень суду эўрапейскія дыпляматы прыйшлі да будынку, дзе разглядаецца справа Ігара Карнея. Пра гэта паведаміла Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

«Дыпляматы ЭЗ, Аўстрыі, Нідэрляндаў, Славаччыны, Швэцыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі сёньня былі ля будынку суду на знак салідарнасьці зь Ігарам Карнеем, адным з 34 працаўнікоў СМІ, зьняволеных у Беларусі, і ўсімі, каго судзяць з палітычных матываў».

Перасьлед Ігара Карнея

Журналіста Ігара Карнея затрымалі раніцай 17 ліпеня 2023 году пасьля ператрусу ў кватэры. Спачатку Ігару прызначылі адміністрацыйны арышт, але пасьля адбыцьця арышту на волю Ігар ня выйшаў.

Зь менскай турмы на Акрэсьціна Ігара Карнея перавялі ў СІЗА №1 у Менску ў рамках крымінальнай справы. Яго прызналі палітзьняволеным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG