Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні скасавалі сустрэчу зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым пасьля скаргаў літоўскага блогера


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Арганізатары заявілі, што ня могуць гарантаваць бясьпеку на мерапрыемстве.

Сустрэчы 22 сакавіка ня будзе, бо частка літоўскай супольнасьці занепакоеная тым, што ў Вільню прыяжджае «ідэоляг літвінізму», як яго назваў літоўскі блогер Жыльвінас Сьвітоюс. Ён зрабіў допіс у фэйсбуку, які атрымаў шмат увагі, пад ім ёсьць камэнтары з пагрозамі.

«Мы ня можам ні гарантаваць бясьпеку Арлова, ні нашу», — заявіў Цэнтар беларускай культуры і супольнасьці ў Вільні.

Таксама арганізатары падкрэсьлілі, што беларусам відавочна, што Арлоў не зьяўляецца чалавекам, які нясе нейкую пагрозу сувэрэнітэту Літвы. На іх думку, беларуская супольнасьць у Літве павінна актыўна вырашаць канфлікт.

Першапачаткова імпрэзу плянавалі правесьці 22 сакавіка ў Музэі імя Івана Луцкевіча ў Вільні а 18.30, аднак у выніку яе вырашылі перанесьці ў іншае месца зь меркаваньняў бясьпекі. Сустрэча адбудзецца а 19-ай у віленскім Замку (па адрасе Naujoji Riovoniu 10), дата не зьмянілася — 22 сакавіка.

Сустрэчу зь пісьменьнікам у Коўне ў Цэнтры культуры розных народаў таксама сарвалі. Аднак яе ўдалося зладзіць у Інстытуце ВКЛ пры мясцовым унівэрсытэце.

Уладзімер Арлоў — вядомы беларускі пісьменьнік, папулярызатар айчыннай гісторыі. За апошнія два гады фонд Kamunikat.org выдаў у Беластоку больш як 10 кніг Уладзімера Арлова. З прэзэнтацыяй гэтых кніг аўтар наведаў амаль 20 гарадоў у Польшчы, Нямеччыне, Італіі і Літве.

Апошнім часам асобныя літоўскія блогеры і палітыкі разьдзьмуваюць скандалы, заяўляючы пра нейкія групкі беларусаў, якія намагаюцца сьцьвярджаць, што Вільня беларуская, і абвінавачваюць іх у прэтэнзіях на гісторыю Літвы. Аднак напярэдадні спэцслужбы самой Літвы заявілі, што не знайшлі ніякіх арганізаваных групаў «літвіністаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG