Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выданьне Reform.by трапіла ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»


Старонка з сайту Reform.by
Старонка з сайту Reform.by

Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз абнавіла сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапіла і інфармацыйная прадукцыя, разьмешчаная на сайце «Reformation» (reform.by).

Рашэньне прынятае судом Ленінскага раёну Берасьця 14 сакавіка 2024 году.

Раней, 27 лютага 2024 году, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі праект каманды Reform.by — YouTube-канал «Саша, што ты нясеш?!».

У сьнежні 2023 году выданьне Reform.by, якое летась атрымала прэмію ў галіне свабоды СМІ, апынулася пад пагрозай закрыцьця празь недахоп фінансаваньня, але чытачы выданьня за два дні сабралі грошы, неабходныя для працягу працы рэдакцыі.

За 2023 год беларускія суды прынялі 888 рашэньняў аб прызнаньні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» рознай «інфармацыйнай прадукцыі, сымболікі, атрыбутыкі, друкаваных і кніжных выданьняў», кантэнту сайтаў і старонак у сацыяльных сетках незалежных СМІ, арганізацый, буйных тэлеграм-каналаў ды інш.

У 2023 годзе мінімум 2791 чалавек трапілі пад рэпрэсіі паводле артыкулу 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або прапагандуе яе). У дакладзе праваабаронцаў, апублікаваным увесну 2023 году, адзначана, што «абвінавачаньні паводле артыкул 19.11 КаАП «зрабіліся ўнівэрсальнай прыладай адвольных рэпрэсій, у тым ліку ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які нярэдка ўжываецца некалькі разоў запар, напрыклад, за некалькі выяўленых матэрыялаў у сацыяльных сетках».

Цягам 2022-2023 гадоў рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана ліквідаваў незалежныя рэгіянальныя СМІ, якія яшчэ працягвалі працаваць. Ціск на іх меў «комплексны» характар — допыты, затрыманьні і адміністрацыйны перасьлед супрацоўнікаў, адабраньне абсталяваньня, дыскрэдытацыя ў праўрадавых СМІ, прызнаньне кантэнту «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Каля двух дзясяткаў беларускіх незалежных СМІ ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». За кратамі ў Беларусі цяпер 34 супрацоўнікі мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG