Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта прывядзе да зьнікненьня». Рэдактары і мэдыяэкспэрты расказваюць пра сытуацыю, у якой апынуліся незалежныя СМІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Скарачэньне заробкаў, прыпыненьне выхаду, зварот па дапамогу да чытачоў. Што адбываецца зь беларускімі незалежнымі СМІ праз тры гады пасьля пратэстаў?

Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе самым складаным у фінансавым пляне для беларускіх незалежных СМІ.

Прычын шмат, тлумачыць намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. Адна зь іх у тым, што ў сувязі з выездам зь Беларусі мэдыя, якія маглі зарабляць на рэкляме, страцілі свае рэклямныя бюджэты.

«Бо ніхто зь бізнэсу ня будзе даваць рэкляму ў экстрэмісцкія мэдыя. Таму выдаткі мэдыя павялічыліся, а магчымасьці для атрыманьня грошай зьменшыліся.

Асноўныя крыніцы даходаў беларускіх мэдыя — гэта донарская, грантавая падтрымка і данаты чытачоў, аўдыторыі. Магчымасьці падтрымкі СМІ скарачаюцца. Па-першае, у беларусаў стала менш грошай, людзі зь Беларусі ня могуць данаціць (іх нават просяць не данаціць).

Што тычыцца донарскай падтрымкі — яна вельмі важная. І для таго, каб мы не аддалі беларускую аўдыторыю ў рукі расейскай прапаганды, мы ўсім донарам тлумачым, чаму трэба працягваць гэта рабіць», — кажа Барыс Гарэцкі.

«Нельга „склейваць“ разам беларускі мэдыясэктар з расейскім лібэральным»

Спадар Гарэцкі патлумачыў, чаму падтрымка беларускіх СМІ ў 2024 годзе істотна і заўважна скарацілася. На 2020, 2021, і нават 2022 гады бюджэты донараў, фондаў плянаваліся яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, і ў многіх асноўным «трэкам» была Беларусь. А пасьля 24 лютага 2022 году падтрымка неабходная таксама ўкраінскім СМІ, якія пацярпелі праз вайну, у іх скараціліся і нават абнуліліся рэклямныя даходы. А па-другое — расейскія лібэральныя мэдыя, журналісты якіх масава выехалі з Расеі.

«Улічваючы ўзьнікненьне дзьвюх вялікіх патрэбаў побач з намі, зразумела, што вялікая частка дапамогі пойдзе цяпер і на суседнія краіны. Што для нас небясьпечна і пра што мы гаворым на ўсіх узроўнях — нельга склейваць разам беларускі мэдыясэктар з расейскім лібэральным», — кажа Гарэцкі.

Па яго словах, часьцяком у грантавых конкурсах можа быць умова падачы на грант для вялікіх мэдыя, з ахопам аўдыторыі памерам 1 мільён. Калі гэты конкурс разьлічаны на беларускія і расейскія мэдыя, то расейская аўдыторыя большая, і расейскія мэдыя могуць выйграваць.

«Лягічна ўлічваць ня колькасныя паказчыкі, а ахоп аўдыторыі ў працэнтах. Вось пра гэта трэба гаварыць, каб гэтыя конкурсы і грантавыя магчымасьці не былі злучаныя для беларускіх і расейскіх мэдыя», — перакананы Барыс Гарэцкі.

Намесьнік старшыні БАЖ сьцьвярджае, што эфэктыўнасьць беларускіх незалежных мэдыя вышэйшая за расейскія. Барыс Гарэцкі прывёў такія лічбы: 25% насельніцтва Беларусі чытаюць і глядзяць недзяржаўныя СМІ, а ў Расеі — толькі каля 6% насельніцтва.

Незалежныя СМІ як паветра

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.

На пачатку году гучна пра фінансавыя праблемы заявілі Reform.by і Plan B. Галоўныя рэдактары папрасілі падтрымкі ў чытачоў. KYKY, які працуе з 2010 году, заявіў, што праз праблемы зь фінансаваньнем прыпыняе працу сайта, але пакуль пакідае сацыяльныя сеткі.

Галоўны рэдактар аднаго зь незалежных СМІ ў размове са Свабодай на ўмовах ананімнасьці выказаў меркаваньне, што ў цяперашніх умовах скарачэньне колькасьці незалежных беларускіх мэдыя выглядае практычна непазьбежным.

«З улікам таго, што мы ў значнай ступені адрэзаныя ад беларускага рынку, дзе маглі б атрымліваць нейкія сродкі, гэта стварае пагрозу. Якая будзе заўжды і якая ў некаторых выпадках ужо пачала рэалізоўвацца і прывядзе як да зьнікненьня цэлых мэдыя, так і да таго, што будуць скарачацца штаты ў існуючых.

Але мы ўсе прызвычаіліся да таго, што незалежныя мэдыя — яны ёсьць, як паветра. Ня можа ж паветра зьнікнуць! Цалкам ня зьнікне, натуральна. Але тое, што кіслароду можа істотна паменець, гэта факт. І тут шмат што залежыць ад таго, наколькі будуць гатовыя чытачы падтрымліваць незалежныя мэдыя, прычым падтрымліваць ня разава, а, умоўна кажучы, штомесячнымі плацяжамі па 2, 3, 5 эўра (у каго якая сытуацыя), і колькі будзе такіх чытачоў.

Мэдыя ў прынцыпе штука дарагая. Мэдыя ў рэлякацыі — вельмі дарагая. Таму той, за каго чытач прагаласуе рублём, будзе мець лепшыя шансы», — выказаў меркаваньне галоўны рэдактар аднаго з буйных незалежных СМІ.

«Экстранныя праграмы падтрымкі скончыліся»

Галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка нядаўна зьвярнуўся да сваіх чытачоў з просьбай дапамагчы выданьню фінансава. Ён прызнаецца, што калі яны распачыналі праект, разьлічвалі толькі на грошы, якія маглі зарабіць за рэкляму. І ня ведалі, як шукаць іншыя крыніцы фінансаваньня, як працаваць з данатамі, як працаваць з донарамі. А калі былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі, сутыкнуліся з тым, што самім зарабляць немагчыма.

«Канечне, былі праграмы падтрымкі незалежных мэдыя ў выгнаньні. Мы таксама выкарыстоўвалі гэтыя магчымасьці, невялікія грошы маглі атрымаць. Але гэтыя экстранныя праграмы падтрымкі скончыліся. Рэгіянальныя мэдыя таксама асабліва востра адчуваюць гэтую праблему. Давялося зьвярнуцца да чытачоў. Мы сабралі 23 тысячы эўра. Гэта не дазваляе нам працаваць як раней. Але дазваляе захаваць асноўны прадукт — „ньюсрум“», — кажа Фёдар Паўлючэнка.

На яго думку, немагчыма за данаты, за падтрымку ад чытачоў фінансаваць прафэсійнае мэдыя. Так можна падтрымліваць блог, аўтарскі праект. А «Рэформ» працуе як інфармацыйнае агенцтва. І ўсё ж ён спадзяецца захаваць свой праект.

«Мы шукаем іншых магчымасьцяў. Даведаліся, што можна ў Польшчы 1,5% падаткаў накіроўваць на некамэрцыйныя праекты. Мы знайшлі партнэра, які нам дапамагае. Ёсьць досьвед у „Свабоднай Беларусі“ Лібера, яны ў мінулым годзе зьбіралі так грошы і назьбіралі 42 тысячы эўра. Таксама цікавая схема, трэба карыстацца. Ну, і спадзяюся, што мы дагрукаемся і да эўрапейскіх донараў, і да фондаў, якія падтрымліваюць незалежныя беларускія мэдыя», — кажа Фёдар Паўлючэнка.

Супрацьстаяньне дэзынфармацыі і прапагандзе

Галоўная рэдактарка «Медыя IQ», супрацоўніца «Прэс-клюбу» Надзея Белахвосьцік зьвяртае ўвагу, што ня толькі беларускія СМІ апынуліся ў надзвычай цяжкай фінансавай сытуацыі, трэба ўлічваць і міжнародны кантэкст.

«Цяжка ня толькі беларускім мэдыя, але і ўкраінскім, эўрапейскім.

Мы разумеем, што беларускія незалежныя мэдыя ўжо два гады існуюць у такой ненатуральнай сытуацыі, яны вымушаныя рэлякавацца, яны страцілі свае звыклыя формы працы праз рэкляму, праз падпіску. І тое, што мэдыя зьвяртаюцца па дапамогу да чытачоў, гэта ня так і блага», — ня траціць аптымізму Надзея Белахвосьцік.

Яна заўважае: усе апошнія сацыялягічныя апытаньні, дасьледаваньні паказваюць, што аўдыторыя незалежных мэдыя ў Беларусі — гэта людзі, якія не падтрымліваюць вайну Расеі супраць Украіны.

«Гэта вельмі важна. І місія беларускіх незалежных СМІ ў тым, што яны супрацьстаяць дэзынфармацыі і прапагандзе, якая абрынаецца на беларусаў унутры краіны. Таму і БАЖ, і „Прэс-клюб“ на ўсіх міжнародных пляцоўках кажуць, тлумачаць, нагадваюць пра ролю незалежных мэдыя, што бяз нас гэтаму грамадзтву цяжка будзе здабываць аб’ектыўную, праўдзівую інфармацыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG