Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная зь Беларусі балятуецца ў дэпутаты Варшавы


Заснавальніца і дырэктарка «Форуму польскіх лякальных ініцыятываў» Ганна Панішава балятуецца ў сябры Варшаўскай гарадзкой рады. Пра гэта яна паведаміла ў сваім фэйсбуку, заўважыла выданьне Reform.by.

«Паважаныя жыхары Мокатава з акругі № 3. Зьвяртаюся да вас з просьбай падтрымаць маю кандыдатуру ў Варшаўскую гарадзкую раду на выбарах 7 красавіка 2024 году. Мая пазыцыя нумар 6», — напісала яна і ўдакладніла, што ідзе на выбары ад партыі «Права і Справядлівасьць».

Хто такая Ганна Панішава

Ганна Панішава — былая дырэктарка грамадзкай польскай школы ў Берасьці. Журналістка, перакладчыца, грамадзкая дзяячка. З 2004 году была сябрам незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі, у 2012–2013 гадах выконвала абавязкі старшыні аддзелу СПБ у Берасьці, прадстаўляла арганізацыю на міжнародных навуковых канфэрэнцыях.

У 2008 годзе разам з вучнямі ўдзельнічала ў польскай праграме народнай памяці. Урэшце зьявіўся фільм пра моладзевую арганізацыю «абаронцаў свабоды», якая дзейнічала на Палесьсі ў 1945–1948 гг. З 2007 году цягам 10 гадоў арганізоўвала Люблінскі Ягелёнскі кірмаш у Беларусі. Была адной з арганізатарак Форуму польскіх мясцовых ініцыятываў Берасьця ў 2013 годзе. У 2012 годзе стварыла і ўзначаліла «Клюб каталіцкай інтэлігенцыі» ў Берасьці. У 2015-м заснавала ў Берасьці Польскую гарцэрскую школу імя Рамуальда Траўгута.

Панішава вядомая таксама як журналістка. Больш за 10 гадоў друкавалася ў берасьцейскім часопісе «Рэха Палесься». Была рэдактаркай польскага часопіса Harcerz Brześcia, а таксама інтэрнэт-старонкі forumbrzeskie.by. Працавала тэхнічным рэдактарам у часопісе «Каталіцкае Берасьце».

Пераклала на беларускую мову 50 вершаў польскай паэткі Марыі Канапніцкай на тэму паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Была сярод аўтараў Каталёгу месцаў народнай памяці Берасьцейскай вобласьці. У 2014 годзе ініцыявала брукаваньне плошчы Рамуальда Траўгута ў вёсцы Шастакова Берасьцейскай вобласьці, дзе нарадзіўся генэрал.

Ганну Панішаву арыштавалі ў сакавіку 2021 году ў межах кампаніі ціску рэжыму Лукашэнкі на актывістаў польскай меншасьці.

Яе, як і яшчэ дзьвюх актывістак — Ірэну Бярнацкую і Марыю Цішкоўскую — вызвалілі з-пад арышту і выслалі зь Беларусі ў чэрвені 2021 году на просьбу Нурсултана Назарбаева. Анжаліку Борыс вызвалілі толькі ў красавіку 2023 году. Яна застаецца ў Беларусі.

За кратамі працягвае знаходзіцца Андрэй Пачобут, які атрымаў 8 гадоў калёніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG