Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы забаранілі акцыю пратэсту фэрмэраў на дарозе ад мяжы зь Беларусьсю да Варшавы


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Польскія фэрмэры хацелі прыцягнуць увагу польскіх уладаў да неэфэктыўнасьці санкцыяў, накладзеных на Расею і Беларусь.

Мэр Белай Падляскай Міхал Літвінюк забараніў фэрмэрам праводзіць пратэст на аб’язной дарозе вакол горада, якая зьяўляецца часткай нацыянальнай аўтамагістралі, што вядзе ад мяжы Беларусі да Варшавы.

Як паведаміла газэта Wyborcza, фэрмэры плянавалі акцыю пратэсту на 20 сакавіка. Яны плянавалі заблякаваць частку дарогі ад памежнага пункту пропуску ў Тарэспалі і праз грузавы тэрмінал у Карошчыне да 26 сакавіка, дазваляючы рух толькі цягам 15 хвілін на гадзіну.

Па гэтай дарозе штодзень праяжджаюць да некалькіх дзясяткаў тысяч аўтамабіляў.

«Уявіце сабе, які параліч гораду і рэгіёну выклікалі б пратэстоўцы», — патлумачыў Міхал Літвінюк.

Паводле яго, акцыя ня толькі заблякавала б міжнародны транзыт, а і ўскладніла б доступ экстраных службаў да месцаў здарэньняў.

У канцы лютага стала вядома, што польскія перавозчыкі і фэрмэры падалі ў адміністрацыю гміны Тарэспаль заяўку на правядзеньне акцыі пратэсту на аўтадарозе № 68 у раёне Карошчына — гэта фактычна адзіная магістраль, па якой цяпер ідуць грузавыя перавозкі зь Беларусі ў Польшчу.

Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту — «Кукурыкі — Казловічы», ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе.

У Польшчы ўзгадненьне акцый мае паведамляльны прынцып, але яны не павінны парушаць заканадаўства, у тым ліку забаронена поўнае блякаваньне дарог. Гэты момант арганізатары акцыі пастараліся абысьці: у заяўцы пазначана, што ўдзельнікі будуць прапускаць грузавікі па раскладзе, з частатой адна машына за гадзіну ў кожны бок. Абмежаваньні ня будуць распаўсюджвацца на транспарт, які перавозіць жывых жывёлаў, а таксама на праезд супрацоўнікаў памежнай і спэцыяльных службаў.

З восені 2023 году з польскага боку пэрыядычна блякавалі рух праз пункты пропуску на мяжы з Украінай.

Спачатку рух спынілі польскія перавозчыкі, якія патрабавалі аднавіць дазволы, скасаваныя для ўкраінскіх перавозчыкаў пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году. Потым на акцыі пратэсту выйшлі фэрмэры, якія патрабавалі спыніць пастаўкі збожжа з Украіны і скасаваць некаторыя абавязаньні «зялёнай палітыкі» датычна сельскай гаспадаркі.

Пазьней адной з мэтаў акцыяў пратэсту вызначылі прыцягненьне ўвагі польскіх уладаў на неэфэктыўнасьць санкцыяў, накладзеных на Расею і Беларусь.

Пасьля масавых акцыяў пратэсту фэрмэраў у шэрагу краін Эўразьвязу ў Эўрапейскай камісіі заявілі аб намеры ўвесьці мыта на пастаўкі збожжа, алейнага насеньня і на вырабленую з алейных расьлін прадукцыю з Расеі і Беларусі, каб супакоіць фэрмэраў і некаторыя краіны Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG