Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Нямеччыны не называюць Пуціна прэзыдэнтам пасьля выбараў


Урад Нямеччыны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі не называе дзейнага кіраўніка дзяржавы Ўладзіміра Пуціна прэзыдэнтам РФ.

Гэта вынікае са словаў намесьніцы афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Крыстыянэ Гофман, якія прагучалі сёньня на ўрадавай прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне, паведамляе DW.

У адказ на пытаньне, ці будуць ва ўрадзе Нямеччыны да Пуціна зьвяртацца «прэзыдэнт» ці інакш, Гофман заявіла: «У дадзены момант кантакты з Расеяй вельмі скарочаныя. У цэлым мы гатовыя гаварыць і з Пуціным, калі гэта будзе мець сэнс. Але ў дадзены момант такіх плянаў няма».

У адказ на ўдакладняльнае пытаньне яна дадала: «У дадзены момант мы не знаходзімся ў дыялёгу з Уладзімірам Пуціным, таму такое пытаньне не стаіць».

Нягледзячы на некалькі ўдакладняльных пытаньняў журналістаў, у тым ліку ад мэдыякампаніі DW, прадстаўнікі нямецкага ўраду так і не назвалі Пуціна прэзыдэнтам.

МЗС Нямеччыны пра Пуціна

Міністэрства замежных справаў Нямеччыны мае намер называць Пуціна гэтак жа, «як і рабіла гэта ў мінулым — Пуцін», заявіў у сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Сэбастыян Фішэр. На ўдакладняльнае пытаньне — ці будзе зьнешнепалітычнае ведамства дадаваць якое-небудзь абазначэньне — Фішэр адказаў так: «Ня памятаю, каб апошнім часам мы дадавалі нейкае абазначэньне».

Між тым некалькі тыдняў раней прадстаўнікі МЗС Нямеччыны ўжывалі тытул «прэзыдэнт» у дачыненьні да Ўладзіміра Пуціна, камэнтуючы, у прыватнасьці, сьмерць расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і сытуацыю са свабодай выказваньня ў РФ.

Пазыцыя Бэрліна па выбарах прэзыдэнта РФ

Нямеччына не прызнае выбары ў Расеі законнымі і ня лічыць іх свабоднымі і сумленнымі, падкрэсьліла намесьніца афіцыйнага прадстаўніка нямецкага ўраду Гофман. «Вынік быў адназначна вядомы загадзя, — адзначыла яна на прэсавай канфэрэнцыі. — Паводле нашай ацэнкі, гэтыя выбары не былі дэмакратычныя: сапраўдныя апанэнты не былі да іх дапушчаныя, панавала атмасфэра запалохваньня, былі затрыманьні». Ані канцлер Оляф Шольц, ані прэзыдэнт краіны Франк-Вальтэр Штайнмаер ня маюць намеру віншаваць Пуціна з захаваньнем паўнамоцтваў кіраўніка расейскай дзяржавы.

Бэрлін таксама асудзіў правядзеньне «выбараў» у акупаваных РФ частках Украіны. Толькі Ўкраіна мае права праводзіць выбары на гэтых тэрыторыях, адзначыла Гофман.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG