NATO: Вытворчасьць снарадаў у Расеі ў тры разы вышэйшая, чым магчымасьці заходніх паставак снарадаў Украіне

Расея вырабляе амаль у тры разы больш артылерыйскіх снарадаў, чым краіны Захаду могуць пастаўляць Украіне.

Пра гэта паведаміў канал CNN са спасылкай на ацэнкі Паўночнаатлянтычнага альянсу. Паводле дадзеных крыніцаў канала, Масква вырабляе за месяц 250 тысяч артылерыйскіх снарадаў, заходнія краіны могуць вырабляць для Ўкраіны 100 тысяч.

Артылерыйскія заводы ў РФ працуюць дзень і ноч у тры зьмены, расказаў каналу чыноўнік NATO. Акрамя таго, Масква купляе снарады ў іншых краінах, пераважна ў КНДР і Іране. «Расея ўвяла ў гульню ўсё, што ў яе ёсьць, — сказаў каналу прадстаўнік выведкі Альянсу. — Іх вайсковая машына працуе на поўнай хуткасьці».

Украінская армія, паводле паведамленьняў шэрагу крыніцаў, адчувае цяпер снарадны голад. Паведамляецца, што Расея выкарыстоўвае ў дзень каля 10 тысяч снарадаў, Украіна — каля 2000. Краіны Захаду шукаюць магчымасьці купіць неабходныя снарады на зьнешніх рынках і павялічыць вытворчасьць.

На пачатку сакавіка часопіс Der Spiegel пісаў, што каб вырабляць больш снарадаў, заходнім краінам можа не хапаць пораху. У матэрыяле адзначалася, што Кітай, адзін з найбуйнейшых вытворцаў ключавога кампанэнта зброевага пораху — нітрацэлюлёзы — спыніў яе пастаўкі ў Эўропу. Але, паводле незалежных расьсьледаваньняў, на расейскі рынак пастаўкі працягваюцца.

​
XS
SM
MD
LG