Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адзначацца будзеш кожны дзень». Як міліцыянты назіраюць за былымі палітвязьнямі


Сьледчы ізалятар нумар 1 у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Сьледчы ізалятар нумар 1 у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Правілы нагляду за тымі, хто вызваліўся з месцаў зьняволеньня, апісаныя ў адпаведных законах. На практыцы іх часта парушаюць.

Былы палітвязень Сяргей пасьля вызваленьня вярнуўся ў родны горад. Ён кажа, што гэта не вяртаньне ў былое жыцьцё, а новыя выпрабаваньні. Паводле Сяргея, маральна яму ня менш цяжка, чым матэрыяльна.

«На працу не магу ўладкавацца праз мой „экстрэмісцкі“ артыкул. Працадаўцы цяпер робяць запыт у органы, пытаюцца там, дазволена чалавека браць на працу ці не дазволена. А ў палітычных амаль ува ўсіх „экстрэмісцкія“ артыкулы, і дазволу не даюць», — кажа Сяргей.

Ён скардзіцца таксама, што з той жа прычыны ня можа вяртаць крэдыт, ня можа аформіць заробкавую карту. Нават купіць сімку для яго вялікая праблема. А яшчэ экс-палітвязьня прымушаюць штодня хадзіць у міліцыю.

«Загадалі хадзіць да інспэктара і адзначацца кожны дзень. Сказалі, што калі ўладкуюся на працу, дык можна будзе адзначацца раз на месяц, а як уладкавацца? Вось такое замкнёнае кола — проста ў адчаі», — прызнаецца Сяргей.

Свае сапраўдныя імя і прозьвішча малады чалавек просіць не агалошваць, яны ёсьць у рэдакцыі.

Былыя палітвязьні, якія зьехалі зь Беларусі і не баяцца сябе называць, словы Сяргея пацьвярджаюць. Леў Антанюк адбыў за кратамі 1,5 года паводле палітычнага 342 артыкулу. Ён кажа, што таксама ведае выпадкі, калі пасьля вызваленьня экс-палітзьняволеныя мусяць адзначацца ня тое што кожны тыдзень, а штодня.

«Так робяць, калі перапынак у працы. А бывае, што і адразу прызначаюць — адзначацца штодня, пакуль ня знойдзе працу. Адзінага падыходу няма. У кагосьці штомесяц, у кагосьці штотыдзень, у кагосьці штодзень. Залежыць ад падыходу кіраўніцтва адпаведнага РАУС», — расказаў Леў Антанюк.

Сам ён адзначаўся ў інспэкцыі раз на тыдзень. Але лічыць, што і гэта прызначылі незаконна.

«Паводле закону прэвэнтыўны нагляд — для тых, у каго цяжкае злачынства. Ім даюць шэраг абмежаваньняў: адзначацца ў інспэкцыі, быць дома ў пэўны час, не наведваць масавых мерапрыемстваў. А для такіх, як я, яны прыдумалі іншае — прафіляктычны нагляд схільнага да гэтак званай «экстрэмісцкай дзейнасьці», які павесілі на мяне яшчэ да суду, у СІЗА, хоць гэта быў унутраны «прафіляктычны ўлік» і ён не павінен быў распаўсюджвацца ні на калёнію, ні на жыцьцё на свабодзе. Але ж у нас «не да законаў», — кажа Леў Антанюк.

Былы палітвязень мяркуе, што пад прафіляктычны нагляд яго паставілі незаконна, бо 342-і артыкул, які яму інкрымінавалі, — пра «менш цяжкае злачынства», і пасьля адбыцьця пакараньня ніякага нагляду ня мусіць быць увогуле.

Уцякач Аляксей Гайшун таксама лічыць, што міліцыянты, прызначаючы былому вязьню адзначэньне ў пастарунках, кіруюцца ня нормамі закону, а ўласнымі інтарэсамі і меркаваньнямі.

«Я хадзіў адзначацца раз на тыдзень — мне такі парадак вызначылі, як зарэгістраваўся ў міліцыі пасьля вызваленьня. Выбраў суботу. Там міліцыянты не сьпяшаюцца, таму даводзіцца чакаць доўга. Быў там адзін маёр, дык той загадваў іншым хадзіць кожны дзень. Шараговым міліцыянтам гэта дадае працы, але яны гатовыя яе выконваць. Не дзіўлюся, што такіх, як той маёр, не адна сотня ў краіне», — мяркуе Аляксей.

Паводле былога палітвязьня, з свавольствам міліцэйскіх начальнікаў былыя зэкі ня змагаюцца, бо «сабе даражэй».

«Пэрыядычнасьць адзначэньня можа залежаць і ад участковага інспэктара. Ён у сваіх справаздачах напіша, як трэба паводле закону, але насамрэч зробіць што захоча. А былыя вязьні міліцыянтаў усё ж баяцца, таму не пярэчаць», — расказаў Аляксей Гайшун.

«Прафіляктычны ўлік ў адносінах да грамадзянкі»

У праваабарончым цэнтры «Вясна» патлумачылі, што прэвэнтыўны нагляд за былым вязьнем уводзяць паводле 80 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Але гэта робіцца толькі для асобаў, якія зьдзейсьнілі цяжкае ці асабліва цяжкае злачынства, і для рэцыдывістаў. Згодна з часткай 7, пунктам 3 гэтага артыкулу асоба, якой суд прызначыў прэвэнтыўны нагляд, абавязана зьяўляцца ў орган унутраных справаў для рэгістрацыі ад аднаго да чатырох разоў на месяц.

Што да прафіляктычнага нагляду, ён абумоўлены 81 артыкулам Крымінальнага кодэксу, а больш дэталёва расьпісаны ў законе «Аб асновах дзейнасьці па прафіляктыцы правапарушэньняў», прынятым у 2014 і адрэдагаваным у 2022 годзе. Паводле артыкулу 29 гэтага закону, прафіляктычныя захады праводзяць адзін раз на месяц, аднак кіраўнік адпаведнага органу ці ягоны намесьнік маюць права прызначыць іншую пэрыядычнасьць.

Былая палітзьняволеная Юлія, якая працягвае жыць у Беларусі і па вызваленьні пэўны час заставалася пад прафіляктычным наглядам, сьцьвярджае, што дасканала вывучыла законы што да прэвэнтыўнага і прафіляктычнага нагляду. Паводле Юліі, асоба, над якой уведзены нагляд, мае права азнаёміцца з рашэньнем у інспэктара — у тым ліку і каб мець магчымасьць яго абскардзіць. Аднак асабіста ёй дамагчыся гэтага ніводнага разу не ўдалося.

«Ведаю, што пра мяне была фармулёўка „ажыцьцяўляць прафіляктычны ўлік у адносінах да грамадзянкі...“. Гэта азначае, што супрацоўнікі маюць наведваць мяне дома і я маю прыходзіць у РАУС адзін раз на месяц. Але мяне выклікалі кожны тыдзень і да мяне прыяжджалі раз альбо і два разы на тыдзень. А на ўсе мае скаргі і запыты адказ быў такі: „Для вас намесьнік начальніка РАУС вызначыў пэрыядычнасьць раз на тыдзень“. Аднак дакумэнту, якім гэта вызначылі, ніводнага разу не паказалі», — расказала Юлія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG