Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маглі б сесьці ўтраіх — я, мама і тата». Блогерка Вольга Такарчук пра калёнію, сваё вызваленьне і арышт маці


Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Вольга трапіла за краты ў 2021 годзе за «палітыку». Пасьля вызваленьня ў 2022 годзе яна прынцыпова засталася ў Беларусі. Але ў 2024-м мусіла ўцякаць.

Да падзей 2020 году Вольга Такарчук працавала дызайнэркай. У жніўні таго году пачала выходзіць на пратэсты, актыўна вяла свой блог, дзе выказвалася пра сытуацыю ў краіне. Мела 37 тысяч падпісчыкаў. Па Вольгу прыйшлі 19 траўня 2021 году. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах, абразе судзьдзі і паклёпе.

Вольга ўспамінае, што на затрыманьне прыбыў опэрупаўнаважаны з крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС Вадзім Дайнэка. «У яго да мяне былі асабістыя рахункі, бо ён ня першы раз „паляваў“ на мой тэлефон. Таму падчас вобшуку яны са злосьцю перавярнулі ўсю хату дагары нагамі. Опэр казаў, што гэта за тое, што я не хацела аддаваць тэлефон», — кажа былая зьняволеная.

Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Пасьля ператрусу яна спачатку трапіла ў ізалятар на Акрэсьціна, затым — у СІЗА Жодзіна.

Вольга кажа, што горш, чым у Жодзіне, ёй не было нідзе. Кідалі ў карцар, дзе яна страшна мерзла, дзе ступіць па дыяганалі можна было толькі чатыры з паловай крокі. Блогерка кажа, што ад адчаю спрабавала рэзаць вены каменем, затым абвясьціла галадоўку.

«Можа, яны баяліся, што я ў карцары „канькі адкіну“, бо пагадзіліся даць мне цёплыя рэчы ўзамен на тое, што я скончу галадоўку. Мне было вельмі блага. Але неяк я пачула, як у адной камэры сьпявалі „Воины света, воины добра“, і расплакалася. Затым убачыла на мэталічных кратах словы „Трымайся“ і „Жыве Беларусь!“. Мяне гэта натхніла, я ўзяла сябе ў рукі. Папрасіла тазік і анучу, пачала драіць камэру, каб не сядзець бяз справы», — узгадвае Вольга.

Неяк у лісьце яна напісала мужу, што ня хоча падымацца раніцай. За гэта яе паставілі на ўлік як «схільную да суіцыду». Пры гэтым, па словах Вольгі, лекары яе не аглядалі — ні псыхіятар, ні псыхатэрапэўт.

«Валадарка», суд, этап, гомельскі СІЗА, калёнія

Пасьля Жодзіна Вольга трапіла ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Там, кажа, «быў проста рай у параўнаньні з Жодзінам». У камэры з блогеркай былі іншыя «палітычныя», у тым ліку былая галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына.

«Яна скарыла маё сэрца. Вытанчаная, густоўная, шляхетная! Я такіх людзей, як Леўшына, не сустракала ніколі раней. Таксама сядзелі з Марфай Рабковай, Алай Лапаткай, Юліяй Сырых. Карацей, кампанія была выдатная!» — зазначае блогерка.

На судзе Вольга атрымала паўтара года зьняволеньня. Яе адвезьлі ў гомельскае СІЗА.

«Пра гомельскае СІЗА не скажу нічога паганага. Мяне там некаторыя супрацоўнікі ведалі, бо глядзелі мае відэа. Некаторыя нават дапамагалі, як джэнтэльмэны, несьці торбы, бо бачылі, што мне цяжка», — кажа былая зьняволеная.

У Жодзіне і на Валадарскага Вольга атрымлівала шмат лістоў, і ня толькі ад сваякоў. Пісалі падпісчыкі, неабыякавыя людзі, дапамагалі зь перадачамі. Калі пачалася паўнавартасная вайна ва Ўкраіне, перапіска рэзка спынілася, прычым гэта тычылася ўсіх «палітычных». Засталіся толькі лісты ад родных.

Супрацоўніц калёніі Вольга апісвае як аднолькавых, быццам пад капірку:

«Накладныя вейкі, накладныя пазногці, тоны танальнага крэму на твары, вялізныя губы — карацей, «калхоз», яшчэ і размаўлялі мацюкамі». Суразмоўца кажа, што супрацоўнікі-мужчыны былі больш-менш нармальныя. З Жодзіна за Вольгай прыйшла благая характарыстыка — і злосная парушальніца, і бунтуе, і схільная да суіцыду, экстрэмістка. «Опэр пачытаў яе, даў мне пачытаць. Я пасьмяялася, ён таксама. Ён прапанаваў мне тыя два месяцы, што засталося адбыць у калёніі, пасьля дня за паўтара ў СІЗА, „сядзець ціха“. Я і сядзела ціха. Але як па-іншаму? Ты на іх тэрыторыі, ты ў іх у закладніках», — кажа Вольга.

Па яе словах, ад іншых зьняволеных, і ня толькі «палітычных», жанчына мела шмат падтрымкі. Два гомельскія месяцы не даліся ёй цяжка. Самым складаным было тое, што не дазвалялі ўбачыцца зь дзецьмі, якім на момант затрыманьня Вольгі было 3 і 7 гадоў.

«Такі сум па дзецях невыносны, 24 на 7. Хто ім прасуе адзеньне, хто ім падразае пазногці, хто іх кладзе спаць, як прайшоў дзень нараджэньня сына, хто дачцэ заплятае коскі? Гэтыя думкі, гэта проста невыносна было», — узгадвае Вольга.

Вызваленьне, забарона на блогерства — і чарговы «хапун» усёй сям’і

Пасьля вызваленьня Вольга як «экстрэмістка» стала на ўлік у мясцовай міліцыі ў Менску. Міліцыянты сказалі, што калі ня будзе весьці блог — ня будуць асабліва чапаць. Кожны панядзелак яна хадзіла адзначацца ў міліцыю, падпісвала паперы, што абяцае «не ўзрываць мэтро ці школы».

«Я сьмяялася, дый міліцыянты таксама сьмяяліся», — кажа Вольга.

Яна зазначае, што прынцыпова не хацела выяжджаць зь Беларусі, што і ў 2022-м, і ў 2023-м верыла, што ўрэшце нешта зьменіцца. «Я не хацела ехаць, мне было шкада пакідаць краіну ябацькам», — кажа былая зьняволеная.

Яна была на сувязі зь іншымі сваякамі «палітычных», старалася дапамагаць ім рознымі спосабамі. 23 студзеня, у дзень масавага хапуну ў Беларусі, сілавікі прыйшлі і да Вольгі, і да яе маці.

Па словах жанчыны, супрацоўнікі КДБ былі адэкватныя, нават паразуваліся пры вобшуку.

«І ня надта стараліся там нешта шукаць у мяне, толькі тэлефон забралі. Павезьлі на допыт. У тэлефоне знайшлі „Едастаўку“. Я кажу, што сапраўды, адна жанчына дапамагала мне пасьля вызваленьня з прадуктамі. Але якое тут злачынства? У тым, што я прымала каўбасу? Яны мне даводзілі, што ініцыятыва INeedHelp прызнаная экстрэмісцкай, значыць, прадукты ад іх — экстрэмісцкія, і калі я іх ела, то садзейнічала экстрэмізму», — абураецца Вольга.

Ад Такарчук патрабавалі напісаць яўку з павіннай. Але былая зьняволеная не разумела, у чым ёй каяцца.

У той жа дзень затрымалі і маці Вольгі. Яе абвінавацілі паводле артыкулу 361-4 КК, у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці.

«Садзейнічаньне — гэта тое, што маці дапамагала людзям, якія, напрыклад, не разьбіраліся ў тэлефонах, розных праграмах, таму маці на сябе часам замаўляла „Едастаўку“, адрасы ўказвала тых людзей, якія патрабавалі дапамогі. Пазьней выклікалі на допыт тату, забралі ягоны тэлефон», — кажа Вольга.

Яна разумела, што і ў яе тэлефоне, які забралі супрацоўнікі КДБ, на яе могуць знайсьці «кампрамат», які пацягне на новы тэрмін. Вольгу папярэдзілі, што і тата можа атрымаць крымінальную справу.

Яны вырашылі ўцякаць. Узялі самае неабходнае і рушылі ў дарогу. Эвакуацыю сям’і — самой Вольгі, яе таты і двух яе малых дзяцей — правёў фонд BySol.

Цяпер фонд абвясьціў збор на дапамогу Вользе зь сям’ёй у чужой краіне. За адзін дзень збору ім «накідалі» каля 5 тысяч эўра.

«Мяне могуць абвінаваціць, што я кінула маці ў турме. Але каму было б лепш, каб селі яшчэ і тата, і я? Тата зь яго здароўем і тры дні ня вынес бы на Акрэсьціна. Маці б перажывала за мяне, за тату. Я б ня бачыла сваіх дзяцей. На сёньня радаснага ў нас мала. Але мой тата ў бясьпецы, я зь дзецьмі, і адсюль хоць нечым магу дапамагаць», — дадае жанчына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG