Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынесьлі вырак блогерцы Вользе Такарчук: 1,5 года ў калёніі 


Вольга Такарчук

У Заводзкім судзе Менску вынесьлі вырак 36-гадовай блогерцы, палітзьняволенай Вользе Такарчук.

Судзьдзя Алена Капцэвіч пакарала яе тэрмінам 1,5 года ў калёніі агульнага рэжыму, як і патрабаваў пракурор.

Як раней паведаміў Сьледчы камітэт, Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:

  • «актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
  • «паклёп» (артыкул 188 КК);
  • «абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).

Паводле Сьледчага камітэту, Такарчук брала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блякавала рух транспарту», «выкрыквала лёзунгі».

Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі судзьдзі Першамайскага раёну Менску» і «ненарматыўнай лексыкай». У сьнежні 2020 году Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі адміністрацыйна за ўдзел у мітынгах.

Вольга Такарчук — блогер, дызайнэрка, маці дваіх малых дзяцей (3 і 7 гадоў).

На судовы працэс практычна нікому не ўдалося трапіць, таму невядома дакладна, як прысуд успрыняла сама абвінавачаная.

Аднак яшчэ перад затрыманьнем Вольга Такарчук запісала відэазварот на выпадак свайго арышту. У ім яна расказала, што не хацела хавацца ці зьяжджаць за мяжу, але ня здолела і маўчаць.

«Калі кожны з нас замоўкне, будзе тое, што было раней: кожны на кухні ціхенька ненавідзеў уладу, асуджаў яе, але сядзеў і нічога не рабіў. Жыць на каленях я не хачу», — заявіла блогерка.

Перасьлед Вольгі Такарчук

Паводле сьледзтва, удзень 30 жніўня 2020 году абвінавачаная брала ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Менску, «доўга і ўпарта парушала грамадзкі спакой, а пры знаходжаньні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ўзяла ўдзел у блякаваньні шляхоў транспартных камунікацый». Таксама яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году.

Паводле Сьледчага камітэту, Вольга Такарчук разьмясьціла на Youtube ролік, «які зьмяшчае лжывыя зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, пра сацыяльнага пэдагога адной з гімназіяў у Берасьцейскай вобласьці, абразы ў адрас судзьдзі суду Першамайскага раёну сталіцы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG